Алкагольныя перавагі беларусаў змяніліся
- 26.04.2026, 11:39
Значна выраслі продажы гарэлкі.
У Беларусі пачалі купляць больш гарэлкі і моцных спіртных напояў у параўнанні з 2025 годам. Пра гэта гаворыцца ў справаздачы, апублікаванай на сайце Нацыянальнага статыстычнага камітэта.
У дакуменце параўноўваліся даныя за першы квартал 2025 і 2026 гадоў.
Значна выраслі продажы гарэлкі. Паводле інфармацыі Белстата, у студзені — сакавіку 2026 года колькасць прададзенага алкаголю аказалася на 2% большай, чым за аналагічны перыяд 2025-га. У літрах лічбы такія: 19,666 млн літраў у 2026-м супраць 19,286 млн літраў годам раней.
Часцей сталі купляць і іншыя моцныя напоі. Вось як выраслі іх продажы:
лікёры і лікёра-гарэлачныя вырабы — на 17,3%;
каньяк, каньячныя напоі і брэндзі — на 6,7%;
слабаалкагольныя напоі — на 2,8%.
Віно і піва, відаць, перасталі падабацца.
У першым квартале гэтага года продажы пладовых вінаў скараціліся на 21,3%, вінаградных вінаў — на 4,9%. Ігрыстых вінаў, уключаючы шампанскае, — на 2%. З півам таксама не ўсё гладка: продажы знізіліся на 3,6%.