BE RU EN

«Белшына» б'е трывогу з-за Кітая

  • 28.04.2026, 10:46

Беларускую кампанію выціскаюць з расійскага рынку.

Кітайскія шыны запаланілі расійскі рынак — на ім ужо больш за 250 брэндаў з Паднябеснай. У выніку вытворчасць у самай Расіі і імпарт шын з Беларусі скарачаюцца.

Паводле ацэнак Tebiz Group, летась на Кітай прыпадала 55,5% усяго аб'ёму імпарту шын на расійскі рынак. Беларусь ужо нават не другая: з 9% яна саступіла гэтае месца шыннікам В'етнама (10%). У пяцёрцы пастаўшчыкоў таксама вытворцы з Паўднёвай Карэі (7%) і Тайланда (6,6%), піша «Деловой Петербург».

Паводле даных расійскага вытворцы Ikon Tyres (раней — Nokian Tyres), у 2024 годзе ў Расіі было зафіксавана каля 200 кітайскіх брэндаў, па выніках 2025 года іх колькасць павялічылася да 250.

«Галоўны выклік для расійскіх кампаній у канкурэнцыі з імпарцёрамі — цэнаўтварэнне. Замежная прадукцыя нярэдка трапляе на наш рынак па штучна заніжаных цэнах, што магчыма дзякуючы дзяржаўным праграмам падтрымкі экспарту ў Кітаі і іншых краінах. Акрамя таго, у продажы можа апынуцца прадукцыя з нізкімі паказчыкамі якасці, бяспекі і экалагічнасці з-за адсутнасці рэгулятарных бар'ераў», — адзначаюць у прэс-службе кампаніі.

Паводле дадзеных сістэмы маркіроўкі тавараў «Честный знак», у 2025 годзе вытворчасць шын у Расіі ўпала на 21%, з 44,7 млн да 35,1 млн штук. Доля расійскіх кампаній на ўласным рынку скарацілася на 6% да 51,5%.

У выніку найбуйнейшыя вытворцы звярнуліся ў Еўразійскую эканамічную камісію (ЕЭК) з просьбай правесці спецыяльнае ахоўнае расследаванне ў дачыненні да растучага імпарту легкавых і легкагрузавых шын. Сярод заяўнікаў фігуруюць расійскія заводы «Кордиант», «Кама», Ikon Tyres і беларуская «Белшына».

Як піша «Деловой Петербург», вынікам разгляду можа стаць увядзенне квот або пошлін на пастаўкі з-за мяжы.

Апошнія навіны