У сталіцы Малдовы аб’ект, падобны на дрон, упаў на шматпавярхоўку
- 28.04.2026, 11:06
Паліцыя апублікавала фота.
На даху шматпавярхоўкі ў цэнтральным раёне сталіцы Малдовы, горада Кішынёва, выявілі аб’ект, падобны на дрон.
Пра гэта паведамляе паліцыя Малдовы.
«Сёння ўвечары ў паліцыю патэлефанаваў грамадзянін, які паведаміў пра выяўленне аб’екта, падобнага на дрон, у цэнтральным раёне сталіцы. На месца здарэння прыбылі спецыялісты выбухатэхнічнага аддзела, якія ахоўвалі тэрыторыю», — гаворыцца ў паведамленні паліцыі.
Адзначаецца, што з меркаванняў бяспекі жыхароў верхніх паверхаў шматкватэрнага дома часова эвакуявалі да агляду і выдалення аб’екта.
Паводле папярэдняй інфармацыі, аб’ект атрымаў пашкоджанні пасля ўдару аб дах дома. Яго дэталёва даследуюць эксперты.
«Паліцыя працягвае прымаць меры для ўстанаўлення ўсіх абставін справы», — дадалі ў паліцыі Малдовы.