Пачнецца бязлітасны рускі бунт
- Віталь Надурак
- 28.04.2026, 12:19
Расіяне абрынуцца на Пуціна і вінаватых у сваёй ганьбе.
Пасля дзіўна ўдалых украінскіх удараў па нафтаперапрацоўчым заводзе ў Туапсэ сярод расійскіх зэтнікаў неаднаразова гучала поўная болю фраза: «Ну калі ж мы нарэшце пачнём ваяваць па-сапраўднаму…». Яна фармулявалася па-рознаму, але ўсе версіі мелі адзін падтэкст: маўляў, Расія дагэтуль не наносіла сапраўдных удараў па Украіне і ўсё яшчэ трымае ў рукаве козыры, якія самы час дастаць.
Чаму ж, нягледзячы на тое, што ўжо ідзе пяты год вайны, некаторыя расіяне ўсё яшчэ вераць, што іхняя краіна, апроч ядзернай зброі, мае яшчэ нейкую схаваную сілу, здольную зламаць украінскую абарону і якая пакуль не была ёю выкарыстана?
На мой погляд, адной з прычын такой беспадстаўнай упэўненасці з'яўляецца міф пра веліч Расіі, які дзесяцігоддзямі пеставаў Пуцін у свядомасці сваіх падданых. У выніку яны пачалі верыць, што, апрача памеру тэрыторыі, іх краіна валодае яшчэ нейкай асаблівай веліччу, якая робіць яе звышдзяржавай, здольнай дыктваць сваю волю іншым.
Няздольнасць Расіі нават наблізіцца да дасягнення пастаўленых ёю мэтаў у вайне з Украінай, здавалася б, павінна была б разбурыць міф пра яе асаблівую веліч і сілу. Аднак іронія міфаў у тым, што доказы часта не маюць над імі ўлады, і людзі працягваюць у іх верыць нават тады, калі рэальнасць сведчыць пра адваротнае.
У выніку зэтнікі сёння падобныя да разгубленых падлеткаў, якім бацькі гадамі распавядалі пра іх нібыта выбітныя музычныя здольнасці, а тыя цяпер ніяк не могуць зразумець, чаму журы і гледачы талент-шоў не падзяляюць бацькоўскіх ацэнак.
Вядома, апроч тых расіян, якія крычаць «калі ж мы нарэшце пачнём», ёсць і тыя, хто ўсведамляе, што «пара заканчваць». Аднак іх галасы, здаецца, пакуль не здольныя перамагчы сілу міфа, у палоне якога жыве астатняя частка Расіі.
Гэтая вера, відаць, і надалей будзе штурхаць іх да таго, каб пакрываць сваімі целамі ўкраінскую зямлю. Таму спадзявацца на хуткае прасвятленне не варта.
Аднак цікава, што здарыцца з гэтымі грамадзянамі, калі колькасць няўдач стане такой вялікай, што сумяшчаць іх з ідэяй вялікай Расіі будзе немагчыма.
Ці прызнаюць яны, што памыляліся? Наўрад ці.
Хутчэй за ўсё, у звыклай для чалавечых істот манеры яны будуць ва ўсім вінаваціць знешнія абставіны. Вельмі верагодна, што такімі абставінамі стануць Пуцін і ягоная дзяржаўная машына, якія ўнушалі ім веру ў веліч, якая ўрэшце акажацца міфам.
Вось тады і можна будзе чакаць, што расчараваныя зэтнікі, нібы некантралюемыя падлеткі, пачнуць крушыць усё навокал, выліваючы гнеў на вінаватых у сваёй ганьбе. Іншымі словамі, пачнецца бессэнсоўны і бязлітасны рускі бунт, якога так баяўся герой пушкінскай аповесці.
А да таго часу нам, украінцам, не застаецца іншага варыянту, як паслядоўна рабіць сваю працу, паступова набліжаючы той момант, калі міфалагічная свядомасць расіян упадзе пад халодным ветрам аб'ектыўнай рэчаіснасці.
Віталь Надурак, nv.ua.