Настаўнікі ў Якуціі і на Сахаліне выйшлі на акцыі з партрэтам беларуса
- 28.04.2026, 13:10
Беларускі мастак паспяхова працягнуў антыпуцінскі праект «Трыумф молі».
Беларускі мастак-акцыяніст Уладзіслаў Бохан зноў выкарыстаў для сваіх мэтаў расійскіх педагогаў. Ён арганізаваў першамайскія дэманстрацыі з партрэтамі злыдняў, а таксама сябе і стваральніка фільма «Спадар Ніхто супраць Пуціна» Паўла Таланкіна. Пра акцыю беларус распавёў у сацсетках.
Беларускі акцыяніст накіраваў у школы Рэспублікі Саха (Якуціі) і Сахаліна лісты з даручэннем арганізаваць акцыі «Нязменны полк» да Дня працы з мэтай «дэманстрацыі ролі працоўных калектываў».
«Я вырашыў дадаць сімвалізму гэтаму з’явішчу і арганізаваў перформанс у выглядзе першамайскага шэсця, дзе ў якасці алюзіі на сувязь нізоў і ўлады я ўклаў у рукі педагогаў партрэты гістарычных злыдняў, для кантрасту дадаўшы сябе і Паўла Таланкіна», — распавёў Бохан.
Акрамя дзвюх згаданых асоб, ён выкарыстаў стылізаваныя (відаць, ШІ) партрэты аднаго з кіраўнікоў ГУЛАГа Нафталія Фрэнкеля, Андрэя Снежнеўскага, якога называюць заснавальнікам савецкай карнай псіхіятрыі, ідэолага калектывізацыі Якава Якаўлева, міністра дзяржаўнай бяспекі СССР Віктара Абакумава і заснавальніка той жа савецкай дзяржаўнай бяспекі Фелікса Дзяржынскага.
Прычым у якуцкім горадзе Нерюнгры ў адказ даслалі намёк на тое, што школе № 13 патрабуецца рамонт.
Свае дзеянні Бохан называе працягам праекта «Трыумф молі», дзе ён даследуе «фашызацыю расійскага грамадства праз зрэз школ, абапіраючыся на эсэ Умберта Эка «Ур-фашызм».