Ва Украіне папярэдзілі Лукашэнку
- 28.04.2026, 15:42
ЗСУ адкажуць ударамі па беларускіх прадпрыемствах, што знаходзяцца на мяжы.
Сучасны склад беларускай арміі, як і той комплекс сіл і сродкаў расійскай арміі, размешчаных у Беларусі, недастатковыя для стварэння хоць якой пагрозы тактычнага ўзроўню для Украіны. У той жа час у ворага ёсць пэўныя планы ўплываць на Украіну. Пра гэта ў каментары «Главкому» распавёў ваенны эксперт і экс-прэс-сакратар Генштаба Узброеных Сіл Украіны Владислав Селезнев.
Эксперт выказаў сумневы адносна магчымасці паўторнага нападу на Украіну з боку Беларусі, бо, на яго думку, адказ Сіл абароны будзе разгромным і надзвычай балючым для Мінска.
«Улічваючы, што ў Мінска і так мноства эканамічных праблем, яму дакладна не патрэбныя дадатковыя страты, у прыватнасці бюджэтных прадпрыемстваў, размешчаных непадалёк ад мяжы з Украінай. А мы дакладна будзем біць па іх, каб знішчыць наступальны патэнцыял Беларусі ў выпадку яе агрэсіі на тэрыторыі нашай краіны», – патлумачыў Владислав Селезнев.
Да таго ж эксперт падкрэсліў: Лукашэнка заяўляе, што ягоная краіна будзе гатовая ваяваць з усімі, калі на яе нападуць. Але ні краіны Балтыі, ні Украіна гэтага рабіць не збіраюцца.
На думку экс-прадстаўніка Генштаба, ваяўнічая рыторыка Лукашэнкі звязаная з тым, што расійскі дыктатар Уладзімір Пуцін пастаянна цісне на беларускага саюзніка адносна яго непасрэднага ўцягвання ў расійска-ўкраінскае супрацьстаянне і адкрыцця «другога фронту».
«Цяпер у расійскай арміі цалкам нерэалістычныя планы адносна акупацыі Данецкай вобласці, таму адкрыццё яшчэ аднаго фронту на поўначы нашай краіны, магчыма, дапаможа расіянам дасягнуць гэтай мэты. Але ці пагодзіцца Лукашэнка на патрабаванні Крамля? Ён дэ-факта з'яўляецца чэмпіёнам сярод лідараў краін былога СНД па манеўраванні і будзе расказваць што заўгодна, але мы разумеем: абяцаць — не значыць жаніцца. Думаю, і гэтым разам мы ўбачым толькі трывожныя заявы Лукашэнкі, якія павінны былі б парадаваць Пуціна, але наўрад ці стануць рэальнасцю», – супакоіў эксперт.
Акрамя таго, ён нагадаў, што пасля 2022 года тэрыторыі Валынскай, Роўненскай, Жытомірскай і Кіеўскай абласцей былі ўмацаваныя фартыфікацыямі.