Украіна будуе суцэльную лінію абароны ад Кіева да Сум
- 28.04.2026, 21:45
На выпадак новага расійскага наступлення.
Украіна ўзводзіць суцэльную абарончую лінію ад Кіеўскага вадасховішча да горада Сумы, каб выключыць новае наступленне з боку Расіі і не даць праціўніку стварыць так званую «буферную зону». Пра гэта заявіў начальнік інжынерных войскаў Камандавання сіл падтрымкі ЗСУ брыгадны генерал Васіль Сіротэнка, паведамляе «Укрынформ». Паводле слоў ваеначальніка, на будаўніцтва накіраваныя значныя сілы і рэсурсы, каб завяршыць працы ў найкарацейшыя тэрміны. Генерал адзначыў, што самі Сумы за кароткі час ужо падрыхтавалі паўнавартасную эшалонаваную абарону — некалькі рубяжоў абароны адзін за адным. «Гэта бачна нават з космасу, можна паглядзець у рэальным часе, як гэта будуецца», — падкрэсліў Сіротэнка.
Неабходнасць узмацнення паўночнага напрамку звязаная з нарастаючай пагрозай новага наступлення РФ. Галоўнакамандуючы ЗСУ Аляксандр Сырскі 22 красавіка заявіў, што Расія перагрупоўвае свае падраздзяленні і падцягвае рэзервы на фронт, што можа сведчыць аб падрыхтоўцы да новых наступальных дзеянняў. Паводле яго слоў, Узброеныя сілы РФ не спыняюць спроб прасоўвання і маюць намер захапіць не толькі Данбас, але і ўсю Украіну. Прэзідэнт Уладзімір Зяленскі таксама паведаміў, што, нягледзячы на велізарныя страты, расійскае кіраўніцтва плануе далейшыя наступленні і рыхтуецца пашырыць мабілізацыю.
Аналітычны праект DeepState раней канстатаваў, што Расія працягвае намаганні па стварэнні «буфернай зоны» ўздоўж дзяржаўнай мяжы ў Сумскай вобласці. Камандуючы групоўкай Аб’яднаных сіл Міхаіл Драпаты растлумачыў, што Узброеныя сілы РФ хочуць стварыць «буферную зону» ўздоўж мяжы ў Сумскай і Харкаўскай абласцях, таму цяпер спрабуюць захопліваць прыгранічныя вёскі.