BE RU EN

Reuters: Трамп можа абвясціць пра перамогу над Іранам і завяршыць вайну

  • 29.04.2026, 8:16

Разведка ЗША і чыноўнікі Белага дома вывучаюць такі сцэнар.

Разведка ЗША і чыноўнікі Белага дома вывучаюць сцэнар, паводле якога Дональд Трамп абвясціць пра перамогу над Іранам і завяршыць вайну, паведамляе Reuters са спасылкай на крыніцы, знаёмыя з пытаннем.

Па іх словах, разведка праводзіць аналіз па запыце высокапастаўленых чыноўнікаў адміністрацыі ЗША, а яе мэта — прагназаваць, як адрэагуе Іран на такі магчымы крок Трампа.

Шэраг чыноўнікаў пераконваюць яго, што вайна, якая ўзняла цэны на нафту і бензін, можа прывесці да вялікіх страт рэспубліканцаў на маючых адбыцца прамежкавых выбарах у Кангрэс.

Канчатковага рашэння адносна таго, што рабіць з Іранам далей, Трамп не прыняў. Магчыма і далейшая эскалацыя ваенных дзеянняў, уключаючы новыя авіяўдары па іранскіх ваенных і палітычных лідарах, сказаў адзін з суразмоўцаў Reuters.

Праўда, самы амбіцыйны сцэнар — наземнае ўварванне — становіцца ўсё менш верагодным, а палітычны ціск, які аказваецца на Трампа з мэтай спыніць вайну, — «вялізны», сказаў суразмоўца агенцтва.

Згодна з апытаннем Reuters/Ipsos, апублікаваным на мінулым тыдні, толькі 26% амерыканцаў лічаць, што ваенная кампанія апраўдала свае выдаткі, і 25% — што яна зрабіла ЗША больш бяспечнымі. Тры крыніцы, знаёмыя з нядаўнімі абмеркаваннямі ў Белым доме, расказалі, што Трамп цудоўна ўсведамляе палітычную цану, якую плацяць ён сам і яго партыя.

Вайна паміж ЗША і Іранам пачалася 28 лютага. Амерыканскі закон абмяжоўвае паўнамоцтвы прэзідэнта весці баявыя дзеянні без адабрэння Кангрэса 60 днямі. Гэты тэрмін мінае 1 мая, адзначала раней The New York Times. Закон дапускае падаўжэнне толькі на 30 дзён для бяспечнага вываду войскаў, але не для наступальных аперацый.

Дэмакраты ўжо пяць разоў спрабавалі спыніць ваенныя дзеянні праз рэзалюцыі, але рэспубліканцы іх блакавалі. Аднак некаторыя сенатары-рэспубліканцы, уключаючы Джона Керціса і Лізу Муркоўскую, далі зразумець, што не падтрымаюць працяг вайны пасля 1 мая без адабрэння Кангрэса.

Апошнія навіны