Дроны моцна атакавалі Маскву і шэраг рэгіёнаў Расіі
- 3.04.2026, 7:59
Ленінградская вобласць РФ у агні.
У ноч на 3 красавіка Маскву і прынамсі шэсць абласцей Расіі атакавалі беспілотнікі. Вядома пра падзенне абломкаў у Маскве і ўзгаранне ў прамысловай зоне ў Ленінградскай вобласці, піша «Фокус».
На падлёце да расійскай сталіцы было збіта некалькі ўдарных беспілотнікаў. На месцах падзення абломкаў працуюць аператыўныя службы, паведамляў мэр Масквы Сяргей Сабянін.
У сталічным аэрапорце «Внукова» ўлады ўвялі часовыя абмежаванні на фоне абстрэлаў, а ў «Шарамецьева» самалёты адпраўляюцца па ўзгадненні. Акрамя таго, абмежаванні ўведзены ў аэрапорце Яраслаўля.
Каля 02:00 серыя выбухаў прагрымела над расійскім Варанежам. Мясцовыя Telegram-каналы пісалі, што ўсяго было не менш як 4 выбухі, якія суправаджаліся гулом рухавікоў у небе і яркімі ўспышкамі.
Таксама прынамсі 10 выбухаў прагрымелі ў Вялікім Ноўгарадзе: іх чулі ў паўночнай і цэнтральнай частках горада.
Губернатар Ленінградскай вобласці таксама паведамляў пра атаку на рэгіён. У аэрапорце Санкт-Пецярбурга «Пулкава» ўведзены часовыя абмежаванні, з-за якіх самалёт авіякампаніі «Победа» рэйсам Масква — Пецярбург не можа прызямліцца ў аэрапорце. Ён лётае па крузе ў Валхаўскім раёне.
Паводле паведамлення губернатара, у небе над Ленінградскай вобласцю сілы расійскай ППА нібыта паспяхова збілі прынамсі 7 беспілотнікаў. Двух расіян, пацярпелых у выніку атакі, шпіталізавалі.
«Паводле папярэдніх даных, зафіксавана падзенне абломкаў ва Усевалажскім раёне. У прамысловай зоне пасёлка імя Марозава пашкоджаны дах будынка, які не эксплуатуецца», — паведамілі ўлады.
Звесткі пра наступствы начной атакі ўдакладняюцца.