Беларускім інтэрнэт-крамам забаранілі ўказваць цэны ў доларах і еўра
- 3.04.2026, 9:58
МАРТ ужо выдала 18 «рэкамендацый».
Беларус паскардзіўся ў МАРТ на тое, што кошт нерухомасці пазначаюць у замежнай валюце. У выніку ведамства зацікавілася інтэрнэт-крамамі, якія на сваіх сайтах прывязваюць кошт, напрыклад, да долара або еўра. Такія цэны ім давядзецца прыбраць, паведамілі у прэс-службе МАРТ.
Паведамляецца, што пытанне пра валютны кошт нерухомасці было адным з тых, якія паступілі міністру антыманапольнага рэгулявання і гандлю падчас асабістага прыёму грамадзян і юрыдычных асоб.
У сувязі з гэтым МАРТ ужо выдала 18 рэкамендацый інтэрнэт-рэсурсам, што рэкламуюць турыстычныя паслугі, нерухомасць, аўтамабілі і іншыя тавары з указаннем іх кошту ў замежнай валюце. Напрыклад, сярод іх былі ТАА «ДАТА ТУР», ТАА «Твая Сталіца», ТАА «ЭлектроЭваКарс», ТАА «Бонусторг».
Ім настойліва рэкамендавана прыбраць інфармацыю пра кошт тавараў або паслуг у валюце, указаўшы кошт у беларускіх рублях, каб не ўводзіць спажыўцоў у зман.
МАРТ нагадала ўладальнікам інтэрнэт-рэсурсаў, што на тэрыторыі Беларусі разлікі за турыстычныя паслугі, нерухомасць, аўтамабілі і іншыя тавары ажыццяўляюцца выключна ў беларускіх рублях.
І грашовыя абавязацельствы павінны быць выражаныя ў беларускіх рублях, пра гэта гаворыць частка 1 пункта 1 артыкула 298 Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Гэта ж датычыцца і цаны тавараў і прадукцыі грамадскага харчавання (калі іншае не ўстаноўлена актамі заканадаўства) — гэта прадугледжана пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь №703 ад 22 ліпеня 2014 года.
Ведамства абяцае працягваць маніторынг інтэрнэт-рэсурсаў.