Жыхары Хабараўскага краю РФ засталіся без бензіну
- 3.04.2026, 12:13
Паліва адпускаюць толькі бальніцам і аўтобусам.
У Ахоцкай акрузе Хабараўскага краю, самым цяжкадаступным раёне рэгіёна, па памеры — як Мурманская або Валагодская вобласць, скончыўся бензін, піша The Moscow Times.
Адзіная ў акрузе прыватная аўтазапраўка ў Ахоцку, якая адкрылася ў 2018 годзе, перастала прадаваць паліва звычайным грамадзянам яшчэ ў сярэдзіне сакавіка з-за вострага дэфіцыту паліва, якое ў рэгіён дастаўляюць морам у межах «Паўночнага завозу» з канца вясны да канца восені. Мясцовыя жыхары расказалі, што бензін на АЗС у Ахоцку адпускаюць толькі бальніцам, аўтобусам і т. п.
Людзям даводзіцца набываць паліва ў перакупшчыкаў па 30–35 тысяч рублёў за бочку ў 200 літраў (то бок па 150–175 рублёў за літр). «Дызель пакуль яшчэ прадаюць, але кажуць, што і яго нібыта таксама хочуць для насельніцтва закрыць», — расказваў жыхар раёна. Кіраўнік акругі Максім Клімаў заявіў на мінулым тыдні, што пры гадавой патрэбе раёна ў 900 тон бензіну ў навігацыйны перыяд было завезена толькі 500 тон. У рэзерве заставалася не больш за 130 тон паліва, і яны прызначаныя для сацыяльных устаноў, школьных аўтобусаў, хуткай дапамогі і камунальнай тэхнікі.
Улады ўвялі абмежаванні на адпуск бензіну насельніцтву, тлумачыў чыноўнік. Пазней гэтую інфармацыю пацвердзіў губернатар краю Дзмітрый Дземешын. Паводле яго слоў, «пры спрыяльным збегу абставінаў» паліва ў Ахоцк удасца даставіць са стартам летняй навігацыі ў сярэдзіне чэрвеня. Кіраўнік рэгіёна заяўляў, што першы танкер прывезе ў Ахоцкі раён каля 200 тон бензіну, чаго хопіць на летні сезон. Аднак для грамадзян адпуск паліва будзе абмежаваны 20 літрамі ў дзень.
У рэгіянальным міністэрстве энергетыкі са свайго боку паабяцалі «прапрацаваць пытанне» аб павелічэнні аб'ёмаў закупкі паліва. «На дадзены момант астатні запас паліва будзе выкарыстоўвацца толькі для забеспячэння працы генеруючых магутнасцяў з мэтай забеспячэння бесперабойнага цепла- і электразабеспячэння насельніцтва Ахоцкага раёна», — заяўлялі там.
На фоне серыі атак украінскіх БПЛА і спынення як мінімум трох буйных расійскіх НПЗ у лютым–сакавіку 2026 года ўлады ўвялі забарону на экспарт бензіну з 1 красавіка. Такое ж абмежаванне ўводзілася ў 2025-м з-за інтэнсіўных атак Украіны на нафтаперапрацоўку, але, нягледзячы на гэтыя меры, у большасці расійскіх рэгіёнаў фіксаваўся востры дэфіцыт паліва і рост цэн на запраўках.