BE RU EN

Трамп запатрабаваў рэкордны ваенны бюджэт у $1,5 трыльёна

  • 3.04.2026, 18:58

Запытаны бюджэт на 40% большы за цяперашні.

Адміністрацыя прэзідэнта ЗША Дональда Трампа запатрабавала ў Кангрэса на абарону ў 2027 фінансавым годзе 1,5 трлн долараў — найбуйнейшую суму ў найноўшай гісторыі краіны, паведамляе «Нямецкая хваля».

Трамп тлумачыць рэзкае павелічэнне выдаткаў вайной з Іранам, якая працягваецца, і неабходнасцю папоўніць вычарпаныя запасы ўзбраення. Паводле слоў прэзідэнта, абарона краіны важнейшая за сацыяльныя праграмы: фінансаванне аховы здароўя і дашкольнай адукацыі ён прапануе перакласці на штаты.

Асноўную частку сумы — больш за 1,1 трлн долараў — плануецца правесці праз стандартную бюджэтную працэдуру, яшчэ 350 млрд — праз механізм бюджэтнага прымірэння. Адначасова Белы дом прапануе скараціць унутраныя выдаткі на 73 млрд долараў: пацерпяць праграмы ў сферах клімату, жылля і адукацыі. Затое сілавы блок чакае павелічэння — бюджэт Міністэрства юстыцыі можа вырасці на 13 працэнтаў, дадатковыя сродкі выдзяляюцца на ахову мяжы і дэпартацыі.

Кангрэс сустрэў план насцярожана

Запыт выклікаў скепсіс у заканадаўцаў абедзвюх партый. Галоўная прэтэнзія — адміністрацыя ЗША фактычна адхіліла Кангрэс ад кантролю над вайной з Іранам, якая ідзе ўжо пяты тыдзень.

Паказальна, што падобныя скарачэнні сацыяльных выдаткаў парламентарыі ўжо адхілялі пры абмеркаванні бюджэту на 2026 год — цяперашнія прапановы рызыкуюць сутыкнуцца з тым самым супрацівам. Аналітыкі папярэджваюць, што рэалізацыя плана дадасць да дзярждоўгу дзесяткі трыльёнаў долараў за дзесяцігоддзе. Поўны тэкст бюджэтнага запыту пакуль не апублікаваны.

За тры тыдні авіяўдараў па Іране ЗША і Ізраіль вывелі з ладу іранскі флот і сістэму супрацьпаветранай абароны, знішчылі дзясяткі самалётаў і ракетных установак. У першы ж дзень атак былі забітыя вярхоўны лідар Алі Хаменеі і ключавыя фігуры сілавога апарату.

Апошнія навіны