Байцы НГУ знішчылі рэдкую сістэму РЭБ расіян «Палантын»
- 3.04.2026, 21:55
Яе кошт ацэньваюць у 20 мільёнаў долараў.
Падраздзяленне Lasar’s Group Нацыянальнай гвардыі Украіны правяло комплексную спецаперацыю на Запарожскім напрамку, у выніку якой была знішчана расійская сістэма радыёэлектроннай барацьбы «Палантын» коштам каля 20 млн долараў. Пра гэта паведамілі ў падраздзяленні Lasar’s Group НГУ.
Як паведамляецца, аперацыя праводзілася ва ўзаемадзеянні з сумежнымі падраздзяленнямі і пры падтрымцы разведкі.
«Украінскія вайскоўцы загадзя выявілі скупчэнне тэхнікі праціўніка, сярод якой былі сродкі супрацьпаветранай абароны, што прыкрываліся магутнай сістэмай РЭБ. Да планавання аперацыі далучыліся байцы Lasar’s Group разам з 15-й асобнай брыгадай артылерыйскай разведкі «Чорны лес». Яны правялі дэтальную разведку раёна і вызначылі размяшчэнне расійскіх сродкаў. Пасля гэтага украінскія экіпажы нанеслі ўдар уласнымі беспілотнікамі. Першымі атакамі мэта была пашкоджана, а наступнымі — канчаткова знішчана», — распавялі падрабязнасці аперацыі ў падраздзяленні.
Адзначаецца, што ў выніку аперацыі расійскія войскі страцілі дарагую сістэму РЭБ, тады як для ўкраінскіх падраздзяленняў адкрыліся дадатковыя магчымасці для працы дронаў у гэтым напрамку.