BE RU EN

Вялікдзень ставіць нас перад выбарам: моцныя словы арцыбіскупа Кандрусевіча на Уваскрасенне Хрыстовае

  • 4.04.2026, 10:27

Божая ласка не можа быць там, дзе пануе кампраміс са злом.

Пастырскае слова на Вялікдзень, які католікі адзначаюць 5 красавіка 2026 года, скіраваў да духавенства і вернікаў арцыбіскуп-эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч. У сваім разважанні ганаровы іерарх і маральны аўтарытэт беларускіх католікаў трапна звяртае ўвагу на пралікі сучасных хрысціянаў, раскрывае, як «культура ўпакоўкі» пранікае ў хрысціянства.

Благаслаўленне вярбы стала важнейшым, чым разважанне над маральнай непастаяннасцю. Асвячэнне велікоднай ежы — чым свята Вялікадня. Вясельная фотасесія — чым сужэнская любоў.

Як нельга святкаваць Вялікдзень і да чаго вядзе любоў без праўды? Поўную версію Слова іерарха апублікавала Мінска-Магілёўская архідыяцэзія, а сайт Charter97.org публікуе галоўныя моманты.

Сучасную секулярызаваную культуру можна назваць культурай упакоўкі, якая пагарджае зместам на карысць знешняй формы. На жаль, яна ўсё часцей пранікае і ў наша хрысціянскае жыццё.

Пра гэта сведчаць некаторыя сучасныя рэлігійныя практыкі. Благаслаўленне вярбы важнейшае, чым разважанне над маральнай непастаяннасцю чалавека, які сёння праслаўляе Езуса, а заўтра Яго здраджвае. Асвячэнне велікоднай ежы — важнейшае, чым свята Вялікадня. Вясельная фотасесія і само вяселле — чым сужэнская любоў. Традыцыя хросту дзіцяці — чым сутнасць гэтага сакрамэнту і абавязак бацькоў і хросных клапаціцца пра яго хрысціянскае выхаванне. Моднае першакамунійнае адзенне і падарункі — чым духоўнае значэнне першай сустрэчы з Эўхарыстычным Езусам. Пампезнае пахаванне — чым малітва ў інтэнцыі памерлага.

І Езуса ва ўсім гэтым становіцца ўсё менш і менш.

У выніку гэтага хрысціянства замест хрыстацэнтрычнага становіцца антрапацэнтрычным. Цунамі секулярызму імкнецца зваліць Бога з пастамента гісторыі свету і замяніць Яго чалавекам і бяздухоўным гуманізмам. Недарэмна святы Ян Павел II кажа, што хрысціянін не можа задавольвацца мінімалістычнай этыкай і павярхоўнай рэлігійнасцю.

Мы закрываем пустату нашых сэрцаў у прыгожую ўпакоўку. А між тым адзінай сэнсавай пустатой з’яўляецца пустая магіла Хрыста. Трэба памятаць, што маніпуляванне вучэннем Хрыста гасіць святло Уваскрослага, а вернасць Яго вучэнню вядзе да той самай славы, з якой Ён выйшаў з магілы.

Нельга святкаваць Вялікдзень і заставацца нявольнікамі граху. Хрыстус выйшаў з магілы не дзеля таго, каб чалавек працягваў знаходзіцца ў багне граху, але каб уваскрос у Божай ласцы і жыў у ёй. А Божая ласка не можа быць там, дзе пануе кампраміс з грахом.

Вялікдзень — гэта праява бязмежнай любові Бога да чалавека. Але любоў без праўды — гэта атрутная пастка, замаскіраваная пад міласэрнасць. Таму Вялікдзень заклікае не толькі абвяшчаць праўду Уваскрасення Хрыста, але таксама без двухсэнсоўнасці і замоўчвання абвяшчаць Яго вучэнне.

Мы не маем права бянтэжыць іншых перакананнямі і паводзінамі, што супярэчаць маральным нормам. Наадварот, сваім хрысціянскім сведчаннем павінны ўмацоўваць іхнюю веру, бо сумненні адносна веры адчыняюць дзверы граху.

Таму неабходна бараніць праўду Евангелля, а не прыстасоўвацца да сучасных амаральных ідэалогій. Паводле словаў святога Аўгустына, праўда падобная да льва. Леў — кароль звяроў, і яго не трэба абараняць, бо ён сам сябе абароніць. Таксама і праўду не трэба абараняць: дастаткова яе абвясціць — і яна абароніць сама сябе.

Таму Вялікдзень ставіць нас перад выбарам. Ці ўсім сэрцам трымаемся праўды веры, атрыманай ад апосталаў, ці губляемся ў хаосе стэрыльных навінак рэлігійнай абыякавасці і мадэрнізму. Ці мы з уваскрослым Хрыстом, ці будуем ідала на гліняных нагах?

Мы павінны верыць у Уваскрасенне Хрыста так, як верым, што пасля захаду сонца наступнай раніцай будзе яго ўзыход.

Бог існуе і абяцае нам вечнае жыццё, гарантыяй якога з’яўляецца праўда Уваскрасення. Калі б хрысціянства не грунтавалася на ёй, нашыя хрысціянскія супольнасці былі б падобныя да клубаў па інтарэсах. Наша вера і пакланенне нічога б не значылі. У нас не было б надзеі, і мы не змаглі б перамагчы жыццёвыя праблемы.

Але Хрыстус уваскрос. І гэта цудоўная частка гісторыі чалавецтва. Сваім Уваскрасеннем Ён адкрыў нам шлях у шчаслівую вечнасць. Няхай жа Вялікдзень будзе для нас часам праўды, якая робіць нас свабоднымі, і часам адраджэння ў Святым Духу.

Апошнія навіны