BE RU EN

У Беларусі адмяняюць цягнікі і карэктуюць расклад

  • 4.04.2026, 15:51

У чым прычына?

БЧ адмяніла некаторыя цягнікі, а частка іншых пойдзе па іншым раскладзе, паведамілі ў прэс-службе чыгункі.

Частка складаў павінна была адпраўляцца са сталіцы, іншыя звычайна курсіруюць паміж рэгіянальнымі гарадамі, паведамляе сайт БЧ.

Справа ў тым, што чыгуначны мост на перагоне Пухавічы – Талька будуць рамантаваць. Працы запланаваныя на 7 красавіка 2026-га.

У гэты ж дзень цягнікі міжрэгіянальных і рэгіянальных ліній на ўчастку Мінск – Асіповічы пойдуць іншым маршрутам і ў іншы час.

Іншыя ж рэйсы ўвогуле адмянілі.

«Так, 7 красавіка 2026 года адмяняюцца з руху цягнікі ў паведамленні Мінск – Гомель – Мінск: №708/707, №748/715, №716/739, №758–757, №755 і №740», – пералічылі ў БЧ.

Расклад і маршрут падкарэктавалі для чатырох цягнікоў:

№876/875 Мазыр – Мінск з адпраўленнем з Мазыра ў 5:40 прызначаецца маршрутам Мазыр – Асіповічы з прыбыццём на станцыю Асіповічы-1 у 8:28

№874/873 Мінск – Мазыр з адпраўленнем з Мінска ў 13:45 прызначаецца маршрутам Асіповічы – Мазыр. Цягнік адправіцца са станцыі Асіповічы-1 у 14:49 і прыбудзе на станцыю Мазыр у 17:36

№744/745 Магілёў – Мінск з адпраўленнем з Магілёва ў 7:25 будзе рухацца змененым маршрутам і раскладам з прыбыццём на станцыю Мінск-Пасажырскі ў 10:52. У зваротным напрамку цягнік з Мінска адправіцца ў 16:57 і прыбудзе на станцыю Магілёў-1 у 20:19

№621 Гомель – Калінкавічы – Мінск з адпраўленнем з Гомеля 6 красавіка 2026 года ў 22:10 будзе рухацца змененым маршрутам і раскладам з прыбыццём на станцыю Мінск-Пасажырскі 7 красавіка 2026 года ў 8:42.

Таксама ў названыя дні цягнікі рэгіянальных ліній эканамкласу на ўчастку Мінск – Асіповічы будуць рухацца інакш.

«На перагоне Пухавічы – Талька перавозка пасажыраў паміж станцыямі Пухавічы і Талька будзе ажыццяўляцца аўтобусамі па чыгуначных білетах са спыненнямі каля чыгуначных прыпынкавых пунктаў Блужа, Майскі, Вясёлаўскі без заезду на прыпынкавы пункт Веленскі», – распавялі ў БЧ.

Перавозка пасажыраў аўтобусамі паміж станцыямі Пухавічы і Талька будзе арганізавана толькі з перасадкай на асобныя цягнікі.

Апошнія навіны