Зяленскі: Украіна і Турцыя плануюць будаваць газавую інфраструктуру
- 4.04.2026, 19:46
Бакі таксама дамовіліся аб супрацоўніцтве ў сферы бяспекі.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі прыбыў у Турцыю, дзе правёў сустрэчу з лідарам краіны Рэджэпам Таіпам Эрдаганам. Бакі дамовіліся аб супрацоўніцтве і абмеркавалі будучыя планы.
Пра гэта паведамляе «РБК-Украіна» са спасылкай на Telegram украінскага прэзідэнта.
Паводле слоў Зяленскага, ён абмеркаваў з Эрдаганам адносіны паміж дзвюма краінамі, сітуацыю ў Еўропе і на Блізкім Усходзе.
«Важна, каб сумесныя і скаардынаваныя дзеянні ўзмацнялі абарону жыцця і дазвалялі забяспечыць больш бяспекі народам у кожнай частцы свету», — падкрэсліў прэзідэнт.
Па выніках сустрэчы бакі дамовіліся пра новыя крокі ў супрацоўніцтве ў сферы бяспекі. У першую чаргу гаворка пра тое, чым Украіна можа падтрымаць Турцыю, а менавіта: экспертыза, тэхналогіі і досвед. У найбліжэйшыя дні каманды фіналізуюць дэталі.
Акрамя таго, лідары краін абмеркавалі будучыя праекты ў газавай сферы.
«Абмеркавалі практычныя крокі для рэалізацыі сумесных праектаў у развіцці газавай інфраструктуры, а таксама магчымасці сумеснай распрацоўкі газавых радовішчаў», — удакладніў Зяленскі.
Падсумоўваючы, украінскі лідар выказаў падзяку прэзідэнту і народу Турцыі за падтрымку незалежнасці і тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны.