Археолагі знайшлі легендарны карабель са скарбамі
- 4.04.2026, 21:41
Судна было захоплена піратамі ў XVIII стагоддзі.
Двое амерыканскіх археолагаў заявілі, што ім удалося выявіць абломкі партугальскага карабля, захопленага піратамі ў 1721 годзе. Гэтае судна даўно звязваюць з легендарным страчаным скарбам, піша Daily Galaxy.
У выданні нагадалі, што карабель «Nossa Senhora do Cabo» пакінуў Індыю і накіроўваўся ў Партугалію, везучы на борце высокапастаўленых чыноўнікаў, рэлігійных дзеячаў і груз, які ў гістарычных запісах апісваецца як надзвычай каштоўны. Яго захоп упісваецца ў агульную карціну пірацкай дзейнасці ў Індыйскім акіяне на пачатку XVIII стагоддзя.
У 1721 годзе «Nossa Senhora do Cabo» плыў з партугальскім віцэ-каралём і архібіскупам Гоа на борце, а таксама прыкладна з 200 рабамі. Непадалёк ад вострава Рэюньён яго перахапілі піраты пад камандаваннем Алів’е Левасера, вядомага як «Канюк».
Згодна з дакладам, апублікаваным Цэнтрам па захаванні гістарычных караблекрушэнняў, судна ўжо было пашкоджана бурай, што палегчыла яго захоп. Піраты захапілі яго без асаблівага супраціву, а затым адплылі на ім прыкладна на 640 км на захад да Носі-Бораха, вядомага тады як Іль-Сэнт-Мары.
Гістарычныя апісанні пералічваюць груз карабля, які ўключаў зліткі золата і срэбра, манеты, шоўкі і сотні каштоўных камянёў, сярод якіх былі дыяменты і смарагды.
Археолагі Брэндан Кліфард і Марк Агастыні заяўляюць, што яны выявілі затанулы карабель пасля многіх гадоў працы з гідралакатарам і дыстанцыйным зандзіраваннем. У сваім даследаванні яны апісалі дастанне больш за 3 300 артэфактаў з месца караблекрушэння.
Сярод вынятых прадметаў ёсць рэлігійныя рэчы, якія, як лічаць, прывезены з Гоа, у тым ліку статуэткі Дзевы Марыі і таблічкі з узгадваннем Ісуса з Назарэта. Таксама ёсць фрагменты керамікі і залатыя манеты з арабскімі надпісамі, некаторыя з якіх дагэтуль зарытыя пад пяском і ілам на дне мора.
Цікава, што не ўсе каштоўнасці апынуліся пад вадой. Гістарычныя запісы сведчаць, што Левасэр і ягоная каманда вынеслі значную частку скарбаў, перш чым пакінуць карабель. Некаторыя прадметы разам з захопленым віцэ-каралём пазней былі вернутыя ў Лісабон як частка выкупу.