Германія прапанавала адмовіцца ад прынцыпу аднагалоснасці ў ЕС
- 5.04.2026, 2:14
Прычына — блакаванні з боку Орбана.
Міністр замежных спраў Германіі Ёган Вадэфуль лічыць, што дзеяздольнасць Еўрапейскага саюза знаходзіцца пад пагрозай з-за перашкод з боку асобных краін, таму ён выступае за іншы падыход да прыняцця рашэнняў у сферы знешняй палітыкі і палітыкі бяспекі.
Пра гэта ён сказаў у інтэрв’ю нямецкай медыягрупе «Funke», перадае Tagesschau.
Вадэфуль спадзяецца, што Еўрапейскі саюз у хуткім часе ў значнай ступені адмовіцца ад прынцыпу аднагалоснасці.
«Каб быць эфектыўным гульцом на міжнароднай арэне, каб сапраўды дасягнуць сталасці, мы ў ЕС павінны скасаваць прынцып аднагалоснасці ў знешняй палітыцы і палітыцы бяспекі да заканчэння гэтага заканадаўчага перыяду», — заявіў ён.
Вадэфуль сказаў, што выступае за працу ЕС «з сістэмай кваліфікаванай большасці».
«Увесь наш досвед апошніх тыдняў адносна дапамогі Украіне і санкцый супраць Расіі сведчыць на карысць гэтага», — падкрэсліў кіраўнік МЗС Германіі.
У гэтым кантэксце варта нагадаць, што прэм’ер-міністр Венгрыі Віктар Орбан блакуе прадастаўленне ЕС крэдыту для Украіны на суму 90 млрд еўра.