Знакаміты суперкар Джэймса Бонда ператварылі ў субмарыну
- 5.04.2026, 14:52
І выставілі на аўкцыён.
На аўкцыёне ў Манака будуць прадаваць незвычайнае купэ Lotus Esprit 1977 года. Яго перарабілі ў субмарыну спецыяльна для Джэймса Бонда.
Падводную лодку Lotus Esprit агента 007 ацанілі ў 200–300 тысяч еўра, нават нягледзячы на тое, што яна не здольная самастойна рухацца. Пра гэта паведамілі на сайце аўкцыённага дома RM Sotheby's.
Асаблівы суперкар Lotus Esprit стаў героем фільма «Шпіён, які мяне кахаў» 1977 года. Паводле сюжэту аўтамабіль Джэймса Бонда трансфармаваўся ў падводную лодку «Мокрая Нэлі» з тарпедамі і ракетамі.
Для здымак вырабілі два паўнавартасныя аўто і яшчэ сем макетаў. Гэты Lotus Esprit з'яўляецца менавіта макетам без рухавіка або колаў, таму не здольны самастойна рухацца. Дарэчы, аналагічная падводная лодка Lotus ёсць у калекцыі Ілона Маска.
Субмарына Lotus Esprit выраблена са шклапластыку і пустая ўнутры. Яна мае бутафорскія руля, грэбныя вінты, тарпедны апарат і перыскоп.
Канкрэтна гэта аўто Джэймса Бонда да 2007 года захоўвалася ў прыватных калекцыях у Італіі, а потым яго выкупіў цяперашні ўладальнік, перавёз у Фінляндыю і выставіў у парку забаў. У 2025 годзе падводная лодка Lotus Esprit Джэймса Бонда прайшла рэстаўрацыю.