Арктыка ідзе ў Беларусь
- 5.04.2026, 16:24
Да канца тыдня можа пахаладзець да -9.
На наступным тыдні Беларусь, відаць, чакае рэзкае пахаладанне. Паводле аднаго з найбольш халодных сцэнароў, які цяпер паказвае канадская мадэль GEM, краіне пагражае арктычнае ўварванне з начнымі замаразкамі.
Найбольш халоднымі, паводле гэтага прагнозу, могуць стаць ночы на 10 і 11 красавіка. Тэмпература паветра ў гэтыя гадзіны здольная апускацца да -3…-5°С, а на ўсходзе краіны — да -9°С.
Пакуль гаворка ідзе менавіта пра мадэльны сцэнар, прычым адзін з самых жорсткіх, — піша тэматычны тэлеграм-канал Nadvorie.
Цяпер галоўная інтрыга не ў тым, ці будзе пахаладанне, а ў яго сіле. Калі прагноз пацвердзіцца, пасля амаль красавіцкага цяпла Беларусь атрымае цалкам сакавіцкую карціну з начнымі мінусамі і рызыкай замаразкаў для раслін.
Такі сцэнар у цэлым не выглядае нечаканым. У апошнія дні пра прыкметнае пахаладанне папярэджвалі сіноптыкі.