«Птушкі Мадзяра» ўпершыню знішчылі сакрэтны расійскі тэрмінал «Спірыт»
- 5.04.2026, 21:52
Відэа.
Расіяне пачалі масава пастаўляць на фронт новыя малогабарытныя тэрміналы спадарожнікавай сувязі «Спірыт-030», якія цяжэй выявіць з-за кампактных антэн.
Пра гэта заявіў дарадца міністра абароны Украіны па тэхналагічных напрамках Сяргей Бескрэстнаў (FLASH), паведамляе яго Telegram.
Паводле слоў эксперта, пасля страты доступу да Starlink пытанне спадарожнікавай сувязі стала для акупантаў крытычным. Старыя расійскія тэрміналы маюць антэны дыяметрам 90 сантыметраў, што дазваляе ЗСУ хутка іх выяўляць і знішчаць.
Новая мадэль «Спірыт-030» працуе са спецыяльным геастацыянарным спадарожнікам, што дазволіла паменшыць памер антэны да 30 сантыметраў. Гэта робіць іх больш мабільнымі і менш прыкметнымі для разведкі.
«Расіяне цяпер масава пачалі пастаўляць такія тэрміналы на фронт. Па сутнасці, гэта той жа тэрмінал спадарожнікавага інтэрнэту, але ён зроблены партатыўным», — адзначыў Бескрэстнаў.
Нягледзячы на кампактнасць, украінскім абаронцам ужо ўдалося зафіксаваць выкарыстанне гэтай тэхнікі. Першы такі тэрмінал выявілі і ліквідавалі пілоты 414-й асобнай брыгады ўдарных беспілотных авіяцыйных сістэм «Птушкі Мадзяра».
Сяргей Бескрэстнаў заклікаў усіх аператараў дронаў звяртаць асаблівую ўвагу на гэтыя мэты, паколькі яны з’яўляюцца прыярытэтнымі для паражэння.