Трамп назваў Ірану дакладны час для адкрыцця Армузскага праліву
- 5.04.2026, 20:33
Калі Іран не адкрые праліў, ЗША пачнуць знішчаць электрастанцыі па ўсёй краіне.
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп пагразіў знішчыць усе электрастанцыі Ірана, калі лідары гэтай краіны не дамовяцца аб аднаўленні працы Армузскага праліву да вечара аўторка, 7 красавіка.
Пра гэта паведамляе Charter97.org са спасылкай на яго допіс у Truth Social і інтэрв’ю для The Wall Street Journal.
«Калі яны не выканаюць абяцанне, калі захочуць пакінуць (праліў — рэд.) закрытым, яны страцяць усе свае электрастанцыі і ўсе астатнія прадпрыемствы па ўсёй краіне... Калі яны нічога не зробяць да вечара аўторка, у іх не будзе ні электрастанцый, ні мастоў», — сказаў Трамп.
Пазней у сацсетках ён удакладніў, што ў Ірана ёсць час да 20:00 аўторка па ўсходнім часе (па Мінску — да 3 гадзін ночы серады, 8 красавіка).
Вяртаючыся да інтэрв’ю, у Трампа таксама спыталі, калі, на яго думку, скончыцца вайна, на што ён сказаў, што «хутка паведаміць».
«Але мы знаходзімся ў вельмі моцным становішчы, і гэтай краіне (Ірану — рэд.) спатрэбіцца 20 гадоў, каб аднавіцца, калі ім пашанцуе, калі ў іх увогуле будзе краіна», — дадаў прэзідэнт ЗША.
На пытанне, ці турбуе яго, што насельніцтва Ірана ў колькасці 93 млн чалавек можа пацярпець у выпадку атак на грамадзянскую інфраструктуру, Трамп адказаў:
«Не, яны хочуць, каб мы гэта зрабілі», — сказаў ён, заяўляючы, што іранцы «жывуць у пекле».