Сербская выведка абвергла Сійярто
- 6.04.2026, 11:36
Украіна не датычная да спробы падарваць «Турэцкі паток».
Сербскія спецслужбы ўстанавілі, што Украіна не датычная да выбухоўкі, знойдзенай паблізу трубаправода «Турэцкі паток» у Сербіі. Пра гэта паведамляе Kurir.
Дырэктар Агенцтва вайсковай бяспекі Сербіі Джуро Ёваніч заявіў, што спецслужбы сутыкнуліся з «вялікай колькасцю дэзінфармацыі» адносна закладкі выбухоўкі на газаправодзе «Турэцкі паток».
«Дэзінфармацыя паказвае на тое, што Узброеныя сілы Сербіі і іх вайскоўцы нібыта будуць працаваць на нейкі іншы або трэці бок, знаходзячы ўкраінскую выбухоўку і абвінавачваючы ў гэтым Украіну. Гэта няпраўда», — падкрэсліў ён.
Паводле яго слоў, тое, што нехта вырабляе выбухоўку, яшчэ не азначае, што ён з’яўляецца выканаўцам або замоўцам.
Пры гэтым Ёваніч раскрыў, што маркіроўка на выбухоўцы сведчыць пра тое, што яна была вырабленая ў ЗША.
Раней міністр замежных спраў Венгрыі Петер Сійярто заявіў, што дыверсію на ўчастку газаправода «Турэцкі паток» у Сербіі арганізавала Украіна.