У Мінску прадаюць катэдж амаль за $3 мільёны
- 6.04.2026, 12:03
За паўгода кошт прыкметна змяняўся.
У Мінску выставілі на продаж катэдж за больш як 8 млн рублёў. Гэта дом на вуліцы Рабінніцкай плошчай звыш 600 квадратных метраў, з пяццю спальнямі і класічным інтэр’ерам. За паўгода кошт прыкметна змяняўся, піша «Зеркало».
Плошча дома — 606,5 м², ён стаіць на ўчастку ў 12 сотак. У катэджы чатыры ўзроўні, у тым ліку цокальны паверх. Там, паводле звестак прадаўца, можна размясціць невялікі басейн і сауну.
У ім пяць спальняў і столькі ж санвузлоў, кабінет, гардэробныя, кіназал, спартзала, пральня і ацяпляемы гараж.
Інтэр’ер выкананы ў класічным стылі: светлая мэбля, дэкаратыўныя панэлі на сценах, вялікія люстры, тэкстыль у спакойных адценнях, камін, вялікія вокны і высокія столі.
У аздабленні выкарысталі дрэва, камень і светлыя глянцавыя паверхні.
У дома цагляныя сцены, чарапічны дах, газавае ацяпленне, цэнтральныя камунікацыі, сістэма відэаназірання і ахоўная сігналізацыя.
Знаходзіцца ён у ціхім раёне каля лесу.
Кошт нерухомасці — 8 75 00 рублёў, або 2,75 млн долараў.
Жыллё прадаюць як мінімум з кастрычніка мінулага года. За гэты час кошт катэджа некалькі разоў змяняўся. Спачатку яго выставілі за 8 662 380 рублёў (2,95 млн долараў), але паступова зніжалі цану. Да лютага гэтага года яна ўпала да 7 194 180 рублёў (2,45 млн долараў), а ў сакавіку зноў паднялася да цяперашняга ўзроўню.