ЗСУ паразілі расійскі фрэгат «Адмірал Макараў»
- 6.04.2026, 13:48
(абноўлена) Судна атакавалі дроны.
У расійскім Наварасійску Сілы абароны Украіны паразілі фрэгат «Адмірал Макараў». Пра гэта заявіў камандуючы Сіламі беспілотных сістэм ЗСУ Роберт Броўдзі (Мадзяр).
«Птушкі СБС у ноч на 6 красавіка нанеслі ўдары па фрэгаце «Адмірал Макараў» у порце Наварасійска і даставілі трохі благадатнага агню на буровую ўстаноўку «Сіваш», — распавёў вайсковец.
Па яго словах, «Адмірал Макараў» — першы ваенны фрэгат праекта «Буравеснік» ВМФ РФ, носьбіт крылатых ракет «Калібр» (8 ракет) і ЗРК «Штыль-1» (24 ракеты). Пускі ракет СПА ажыццяўляліся непасрэдна з борта фрэгата падчас заходу на мэту, што не перашкодзіла яго пашкодзіць, дадае «Мадзяр».
Камандуючы адзначыў, што аперацыя была ажыццёўлена сіламі 1-га АЦ СБС, спланавана і скаардынавана СБУ. Ступень пашкоджанняў варожых мэтаў цяпер высвятляецца разведкай.
Першапачаткова ў паведамленні сцвярджалася, што ад атакі дронаў пацярпеў іншы расійскі фрэгат — «Адмірал Грыгоровіч». Інфармацыю ўдакладнілі пасля таго, як OSINT-аналітыкі звярнулі ўвагу, што фрэгат «Адмірал Грыгоровіч» цяпер знаходзіцца ў Міжземным моры.