Вадзіцелі перастануць прадаваць талоны?
- 6.04.2026, 14:22
Гэта абмяркоўваюць у Мінску.
У Мінску рыхтуюцца да прыкметных зменаў у грамадскім транспарце: ужо да 1 верасня аплаціць праезд карткай можна будзе ва ўсіх відах наземнага транспарту. На гэтым фоне сталічныя ўлады абмяркоўваюць адмову ад продажу талонаў у вадзіцеляў.
Мінулым годам на аўтобусных і тралейбусных маршрутах выпрабоўвалі магчымасць аплаты карткамі. А да 1 верасня такі спосаб будзе даступны ва ўсіх відах наземнага транспарту, пішуць «Мінск-Навіны».
— З гэтай прычыны разглядаецца магчымасць адмовіцца ад продажу праязных талонаў непасрэдна вадзіцелямі. Такое рашэнне, напрыклад, павысіць бяспеку перавозак, бо пасажыры не будуць адцягваць увагу вадзіцеля. Акрамя таго, кошт праезду будзе роўны цане білета, набытага ў кіёску. Іх кантралёры будуць правяраць гэтак жа, як і ўжо існуючыя праязныя, — пракаментавала намесніца старшыні камітэта эканомікі Мінгарвыканкама Вольга Леошка.
Пры гэтым праблема «зайцаў» нікуды не знікла: штомесяц кантралёры фіксуюць каля 9—10 тысяч такіх парушэнняў.
Сярод безбілетнікаў ёсць і тыя, хто трапляецца неаднаразова, часам больш за 20 разоў.