Улады прапанавалі беларусам збіраць камяні на палях
- 6.04.2026, 16:25
Цяжкую падпрацоўку прапануюць за капейкі.
У Беларусі цяпер адкрыта каля 4,5 тысячы вакансій на аплатныя часовыя працы, сярод варыянтаў падпрацоўкі — збор камянёў на палях. У асобных рэгіёнах за такую працу гатовы плаціць 140 рублёў у дзень і больш, паведамілі ў Мінпрацы і сацабароны.
Паводле звестак службы занятасці, за 2025 год часовую аплатную працу абралі больш за 33 тысячы беларусаў. Падпрацоўваць такім чынам прапануюць не толькі афіцыйна зарэгістраваным беспрацоўным, але і тым, у каго ўжо ёсць асноўная праца, а таксама пенсіянерам і студэнтам падчас канікул.
Вясной часовыя вакансіі ў асноўным звязаныя з сельскай гаспадаркай. Акрамя збору камянёў, беларусам прапануюць перабіраць і ўпакоўваць прадукцыю, а таксама працаваць у цяпліцах на зборы гародніны. Ёсць прапановы на будаўнічых і падсобных працах, добраўпарадкаванні і азеляненні тэрыторый, а таксама на зборы і сартаванні другаснай сыравіны і адходаў.
Плацяць за такую працу звычайна ад 40 да 50 рублёў у дзень, хоць у некаторых рэгіёнах можна зарабіць да 140 рублёў і больш. Памер аплаты залежыць ад аб’ёму выкананай працы.
Да месца падпрацоўкі работнікаў звычайна падвозяць бясплатна, а афармленне адбываецца афіцыйна — па тэрміновай працоўнай або грамадзянска-прававой дамове. Шукаць такія вакансіі прапануюць праз службу занятасці па месцы жыхарства.