Украінскі вытворца «Фламінга» рыхтуе танную альтэрнатыву Patriot
- 6.04.2026, 17:01
Кошт навінкі — менш за $1 мільён.
Украінская кампанія Fire Point, вядомая як вытворца крылатай ракеты «Фламінга», працуе над стварэннем новай сістэмы супрацьпаветранай абароны, якая можа стаць больш даступнай альтэрнатывай амерыканскім комплексам Patriot, паведамляе Reuters.
Паводле слоў сузаснавальніка і галоўнага канструктара кампаніі Дзяніса Штылірмана, галоўная мэта — істотна знізіць кошт перахопу балістычных ракет.
Ідзе гаворка пра зніжэнне кошту да менш чым $1 млн за адну мэту.
Цяпер сістэмы Patriot застаюцца ключавым сродкам барацьбы з балістычнымі ракетамі, аднак іх выкарыстанне абыходзіцца дорага.
Паводле распрацоўшчыка, для знішчэння адной мэты часта патрабуюцца дзве або тры ракеты, кожная з якіх каштуе некалькі мільёнаў долараў.
Акрамя таго, доступ да гэтых сістэм ускладняецца з-за высокага попыту — у прыватнасці, з-за іх актыўнага выкарыстання ў рэгіёне Персідскага заліва.
У кампаніі плануюць ажыццявіць першы перахоп балістычнай ракеты новай сістэмай ужо напрыканцы 2027 года.
Fire Point вядзе перамовы з еўрапейскімі партнёрамі аб стварэнні новай сістэмы.