BE RU EN

Эксперт: БелАЭС стала дарагім і неэфектыўным праектам

  • 6.04.2026, 17:22

Станцыя стала сімвалам пралікаў і эканамічнай неэфектыўнасці.

Будаўніцтва БелАЭС абяцала стаць пачаткам новай энергетычнай эры для Беларусі. Што маем на справе праз гады пасля запуску станцыі? Атамны кейс Беларусі разбірае «на малекулы» эксперт Яўген Макарчук у матэрыяле thinktanks.pro.

Кошт пытання

Беларуская АЭС (БелАЭС) — першая ў краіне атамная станцыя, пабудаваная «Расатамам» у Астраўцы. На этапе праектавання кошт станцыі ацэньваўся прыкладна ў 1300 долараў за кілават магутнасці, аднак фактычна ён дасягнуў 2900 долараў.

Такі разрыў, на думку эксперта, у значнай ступені звязаны з тым, што на пачатку — у сярэдзіне 2000-х гадоў у свеце амаль не ўзводзілася новых энергаблокаў — выключэннем былі адзінкавыя праекты ў Кітаі і ЗША. Большасць станцый, што тады будаваліся, былі дабудовамі савецкіх праектаў пачатку 1980-х гадоў.

– Рэлеўантных прыкладаў, якія дазвалялі б дакладна спрагназаваць рэальны кошт сучаснага атамнага будаўніцтва, проста не існавала, – адзначае Яўген Макарчук.

Невыгадныя магутнасці

Першапачаткова планавалася пабудаваць два блокі магутнасцю па 1000 МВт, што было замацавана ў пастанове Савета бяспекі. Аднак намінальная магутнасць узведзеных блокаў аказалася вышэйшай — 1200 МВт, што стала адхіленнем ад першапачатковага рашэння.

– Даследаванні Нацыянальнай акадэміі навук паказвалі, што для Беларусі было б больш пажадана пабудаваць некалькі рэактараў менейшай магутнасці — да васьмі блокаў па 440 МВт або па 300 МВт.

Чаму такі варыянт выгаднейшы? Па-першае, пры ўводзе некалькіх невялікіх рэактараў з кожным новым блокам змяншалася б доля імпартнага абсталявання, расла ступень стандартызацыі і лакалізацыі вытворчасці, што ў выніку паменшыла б сабекошт генерацыі.

Але асабліва важна, што 300-мегаватныя рэактары прасцей рамантаваць: калі б іх было восем, можна было б спыняць па адным на месяц, забяспечваючы стабільную працу станцыі ў цэлым, — кажа Макарчук.

Справа ў тым, што атамная станцыя эканамічна эфектыўная толькі пры працы на намінальнай магутнасці ў пастаянным рэжыме.

Акрамя таго, існуюць фізічныя абмежаванні, звязаныя з так званым «атручваннем» рэактара ксенонам.

Пры зніжэнні магутнасці ўзнікае эфект, які ўскладняе наступнае павышэнне магутнасці на працягу прыблізна 10 гадзін.

Пра гэты эфект часта згадваюць у сувязі з Чарнобыльскай аварыяй: там зніжэнне магутнасці, а затым спроба яе павысіць адыгралі ролю ў развіцці аварыйнай сітуацыі.

Але нават без аварыйных сцэнарыяў частыя цыклы зніжэння-павышэння магутнасці вядуць да нераўнамернасці выгаравання паліва (хутчэй — у ніжняй частцы актыўнай зоны) і, як вынік, да неабходнасці часцейшай замены паліва.

Чаму на БелАЭС былі ўзведзены два магутныя рэактары замест васьмі невялікіх? Перш за ўсё таму, што на той момант Расія, як і іншыя краіны, не прапаноўвала тыпавых рэактараў магутнасцю 300 МВт. Аднак цяпер свет вяртаецца да гэтай канцэпцыі — малыя модульныя рэактары (SMR), па сутнасці, і ёсць такія энергаблокі.

Атамную энергію няма куды дзяваць?

Найбольшай памылкай пры прыняцці рашэння аб будаўніцтве атамнай станцыі эксперт называе прагноз электраспажывання.

У 2008–2009 гадах зыходзілі з таго, што да 2020 года спажыванне дасягне 47 млрд кВт·г, і ў гэтым выпадку два блокі БелАЭС упісаліся б у энергасістэму без праблем. Але рэальны паказчык склаў 38,1 млрд кВт·г. Чаму прагнозы не спраўдзіліся?

– У нулявыя ў рэгіёне назіраўся ўстойлівы эканамічны рост. У Беларусі спажыванне ўзрасла з 33 млрд кВт·г у 2000 годзе да 37,5 млрд у 2010 годзе.

Экстрапаляцыя гэтай дынамікі на дзесяцігоддзе наперад давала лічбу каля 47 млрд кВт·г. Аднак з 2013 года рост практычна спыніўся, і да 2020 года прырост склаў усяго 0,5 млрд кВт·г, – канстатуе Макарчук.

Паводле яго слоў, «у 2024 годзе быў зафіксаваны рэкорд — 43,3 млрд кВт·г, але гэты рост часткова забяспечылі штучныя стымулы: крыптафермы (каля 1 млрд кВт·г), электраацяпленне, электрамабілі. У 2025 годзе паказчык зменшыўся да 43 млрд кВт·г».

Там ці не там пабудавалі АЭС?

Ад БелАЭС адыходзяць сем ліній электраперадачы (на Паставы, Віцебск, Стоўбцы, Рось, Маладзечна і іншыя вузлы). Уся неабходная інфраструктура пабудавана.

І хоць размяшчэнне станцыі паблізу курортных зон нельга прызнаць удалым, з пункту гледжання выдачы магутнасці, лічыць эксперт, размяшчэнне АЭС не з’яўляецца вызначальным фактарам: у любым іншым месцы спатрэбілася б супастаўная схема падключэння.

– Больш важна было ўпісць АЭС у энергасістэму краіны. Для гэтага яна павінна была мець гарачы рэзерв па магутнасці, роўны магутнасці найбольшага ўключанага блока. Да з’яўлення БелАЭС найбуйнейшым быў блок на 400 МВт на Мінскай ЦЭЦ-5.

З увядзеннем у эксплуатацыю рэактара на 1200 МВт спатрэбілася стварыць дадатковыя рэзервовыя магутнасці. «Белэнерга» пабудавала 800 МВт газатурбінных установак. Пры нармальнай працы АЭС яны прастойваюць, што эканамічна нявыгадна, але гэта было неабходнай умовай інтэграцыі АЭС у энергасістэму.

У выпадку аварыйнага спынення гэтыя магутнасці дазволяць забяспечыць бесперапыннае забеспячэнне спажыўцоў, – тлумачыць Макарчук.

На каго працуе АЭС?

Прыблізна з 2015 года стала відавочна, што прагноз спажывання ў 47 млрд кВт·г не спраўдзіцца, і два буйныя блокі ў ізаляванай энергасістэме будуць працаваць з лішкам вытворчасці энергіі. Экспартныя магчымасці таксама аказаліся абмежаванымі.

Для балансавання было прынята рашэнне будаваць электракатлы. Яны дазваляюць выкарыстоўваць лішнюю электраэнергію для вытворчасці цепла, прычым магутнасць пабудаваных электракатлоў дазваляе поўнасцю спажыць электраэнергію аднаго блока АЭС.

Праўда, цеплавая энергія з гэтых катлоў выходзіць дарагой. Можна параўнаць два варыянты. У першым мы вырабляем цеплавую энергію з газу ў катлах з ККД каля 90%. У другім спачатку вырабляем з газу электраэнергію з ККД каля 50% і затым пераўтвараем яе ў цеплавую з ККД 95%. На АЭС, вядома, мы газ не выкарыстоўваем, але сабекошт электраэнергіі на АЭС нават вышэйшы, чым пры выкарыстанні газу.

– Электракатлы — гэта вымушаная мера, а не падстава для гонару, – лічыць Яўген Макарчук.

Яшчэ больш спрэчным інструментам стала стымуляванне электраацяплення. У 2024 годзе на гэтыя мэты было выдаткавана каля 880 млн кВт·г, у 2025 годзе — ужо 1,2 млрд кВт·г. Дадатковыя субсідыі за год складаюць прыкладна 114 млн долараў.

Тарыф для насельніцтва пры наяўнасці асобнага лічыльніка электраацяплення ўсталяваны на ўзроўні 5 капеек за кВт·г (пры рэальным сабекошце каля 33 капеек). Субсідыя дасягае 85%.

Для параўнання: газавае ацяпленне абыходзіцца прыкладна ў 2 капейкі за кВт·г цеплавой энергіі, цяпло ад цеплатрасы — каля 2,5 капейкі. Але ў сельскай мясцовасці, дзе няма газу і цэнтралiзаванага цеплазабеспячэння, электраацяпленне аказваецца выгаднейшым за дровы або торф, што прывяло да масавага падключэння.

Цяпер на электраацяпленне перайшлі сотні тысяч абанентаў. Рост спажывання складае каля 40% у год. Калі ў 2026 годзе аб’ём электраацяплення дасягне 1,6 млрд кВт·г, а гарызонт выхаду з рэжыму субсідзіравання не праглядаецца, праблема будзе толькі нарастаць.

Рашэнні бачацца або ў адміністрацыйнай забароне на ўсталяванне новых электракатлоў, або ў паступовым павышэнні тарыфаў, што сацыяльна адчувальна.

Газ ці АЭС: што выгадней?

Адказ на гэтае пытанне залежыць ад таго, па якім сцэнарыі будуць развівацца падзеі.

– Мы змадэлявалі тры сцэнары: танны газ — 120–130 долараў за тысячу кубаметраў, сярэдні — 250 долараў, і дарагі — 400 долараў. Мы падлічылі, як зменіцца сабекошт вытворчасці электраэнергіі пры ўводзе ў эксплуатацыю трэцяга блока АЭС у 2038 годзе.

Пры танным газе сабекошт электраэнергіі з трэцім блокам АЭС можа аказацца на 17% вышэйшым, чым без яго. Пры сярэдніх цэнах істотнага эфекту таксама не будзе. Толькі пры высокіх цэнах на газ і максімальным спажыванні сабекошт атамнай электраэнергіі можа знізіцца прыкладна на 10% пры запуску новага блока, – адзначае эксперт.

На яго думку, калі ўлады сур’ёзна разглядаюць будаўніцтва трэцяга блока, значыць, яны зыходзяць з дзвюх перадумоў: газ будзе дарагі, а электраспажыванне — хутка расці. Такая сітуацыя можа скласціся, напрыклад, пры пераарыентацыі на еўрапейскі газ і актыўнай дэкарбанізацыі з масавай электрыфікацыяй.

Апошнія навіны