У Брэсце закрылі тры кафэ аднаго ўладальніка
- 6.04.2026, 18:29
Іх праверыў Камітэт дзяржаўнага кантролю.
У Брэсце пасля праверкі прыпынілі працу трох кафэ, што належаць аднаму ўладальніку. У ўстановах выкарыстоўвалі пратэрмінаваныя прадукты, сыравіну без дакументаў і гатавалі спіртазмяшчальныя настойкі з сумнеўнай сыравіны, паведамілі ў Камітэце дзяржаўнага кантролю (КДК).
Адразу ў двух кафэ выраблялі спіртазмяшчальныя настойкі з сыравіны сумнеўнага паходжання. Пры гэтым у гэтых установах не было зацверджанай тэхналагічнай дакументацыі, якая пацвярджае склад, якасць і бяспеку такой прадукцыі.
Акрамя таго, падчас праверкі было прынята рашэнне ўтылізаваць больш за 60 літраў алкагольнай прадукцыі. Прычынай сталі парушэнні ўмоў захоўвання.
Праблемы выявілі не толькі з алкаголем. Як заявілі ў КДК, ва ўсіх трох кафэ выкарыстоўвалі сыравіну і харчовую прадукцыю без дакументаў, што пацвярджаюць якасць і бяспеку. Таксама на кухні знайшлі пратэрмінаваныя прадукты, якія выкарыстоўваліся для прыгатавання страў.
Сярод іншых парушэнняў у ведамстве назвалі невыкананне ўмоў захоўвання, а таксама выкарыстанне ў працы абсталявання ў нездавальняльным стане.
Па выніках кантрольных мерапрыемстваў правяральнікі ўтылізавалі больш за 550 кілаграмаў харчовай прадукцыі.
Працу ўсіх трох кафэ вырашылі прыпыніць. Аднавіць дзейнасць яны змогуць толькі пасля поўнага ўстаранення выяўленых парушэнняў.