У Мінску вынеслі прысуд па «шыннай справе»
- 6.04.2026, 22:44
Дваіх кіраўнікоў накіравалі ў калонію.
У Мінску вынеслі прысуд дзевяці топ-менеджарам прадпрыемстваў Беларусі і Расіі, звязаных з шыннай галінай, паведаміў дзяржаўны тэлеканал «Першы інфармацыйны». Іх абвінавачвалі ў атрыманні і дачы хабару, пасярэдніцтве і перавышэнні службовых паўнамоцтваў, перадае «Зеркало».
Паводле звестак следства, з 2017 года дзейнічала арганізаваная схема паставак шын. Прадукцыя паступала канкрэтным кампаніям — спачатку ў асобныя рэгіёны Расіі, пазней — па ўсёй краіне.
Арганізатарам выступіў кіраўнік маскоўскай фірмы: ён размеркоўваў ролі, вызначаў сумы і кантраляваў перадачу грошай. Узамен патрабаваліся стабільныя пастаўкі ад беларускага вытворцы ў патрэбных аб'ёмах і асартыменце. За некалькі гадоў сума хабароў склала каля 560 млн расійскіх рублёў (каля 7 млн долараў па курсе на 6 красавіка 2026-га).
Адзначаецца, што асобны эпізод тычыцца паставак прадукцыі па цане ніжэй сабекошту, што прывяло да шматмільённых страт.
У выніку былому гендырэктару шыннай фабрыкі, а таксама генеральнаму дырэктару тавараправоднай сеткі — кіраўніку арганізаванай групы — прызначылі па 14 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму і штраф у 225 тысяч рублёў з пяцігадовым пазбаўленнем права займаць пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых і адміністрацыйна-гаспадарчых абавязкаў.
Іншых сямёх фігурантаў таксама пазбавілі такога права. Ім прызначылі ад трох да васьмі гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму са штрафамі ў 45–225 тысяч рублёў.
«Акрамя таго, суд задаволіў грамадзянскі позоў дзяржаўнага абвінаваўцы — з былога генеральнага дырэктара шыннай фабрыкі на карысць прадпрыемства спагнана шкода, прычыненая яго дзеяннямі, у суме больш за 11 млн рублёў», — паведаміў дзяржаўны абвінаваўца Дзмітрый Ховавка.
Прысуд не ўступіў у законную сілу і можа быць абскарджаны ў вызначаным парадку.
«Белшына» і Андрэй Бунакоў
Ні ў снежаньскім прэс-рэлізе Генпракуратуры, ні ў цяперашнім паведамленні з суда не ўдакладняюцца назвы прадпрыемстваў, кіраўнікі якіх сталі фігурантамі маштабнай крымінальнай справы аб карупцыі. Аднак у лютым 2023 года Аляксандр Лукашэнка паведаміў, што тагачасны генеральны дырэктар ААТ «Белшына» Андрэй Бунакоў апынуўся ў следчым ізалятары.
Дыктатар расказаў, што кіраўнік айчыннага шыннага флагмана заключыў кантракт з расійскімі партнёрамі на продаж буйнагабарытных шын ніжэй за сабекошт, хоць з расійскага рынку сышлі заходнія канкурэнты і кошты на гэтую прадукцыю пачалі расці.
— Што зрабіў гэты генеральны дырэктар «Белшыны»: ён заключае дамову з нейкімі расійскімі… Ну, я іх жулікамі называю. Інакш не назавеш. Заключае дамову, што ён будзе толькі ім прадаваць гэтыя шыны прыкладна на 16–20% ніжэй за сабекошт. Які на іх сёння попыт! Шалёныя грошы плацяць горназдабыўныя прадпрыемствы, перадусім у Расіі. Вязі — не хачу. У страту прадае гэтыя шыны, — расказаў Лукашэнка. — І калі (паводле дамовы) ты адмовішся ад продажаў, як мы табе скажам, ніжэй за сабекошт, то будзеш кожны год паўмільёна долараў плаціць неўстойку.
Ужо ў красавіку 2024 года Андрэя Бунакова заўважылі ў Расіі. Экс-гендырэктар «Белшыны», ужо на пасадзе кіраўніка кампаніі «Марскі тэрмінал „Брамы Арктыкі“», падпісаў з губернатарам Мурманскай вобласці Андрэем Чыбісам пагадненне аб пачатку будаўніцтва вялікага тэрмінала для перавалкі грузаў.