BE RU EN

ЗША пачалі запалохваць Лукашэнку

  • 7.04.2026, 8:07

Вашынгтон узяўся за сяброў беларускага кіраўніка.

Палітолаг Аляксандр Класкоўскі піша для «Позiрк» пра перамовы Лукашэнкі з ЗША:

— Да пачатку 2026 года ўвогуле ўсё было выдатна. Лукашэнка свяціўся ад таго, што на яго звярнуў увагу кіраўнік самай магутнай на планеце краіны.

12 снежня на сустрэчы ў Мінску са спецпасланнікам ЗША Джонам Коулем беларускі кіраўнік адрасаваў кіраўніку Белага дома «тонкі» камплімент: «Кажуць, што Трамп любіць ліслівасць. Але я не дзеля ліслівасці. Хачу сказаць, што апошнім часам ён мне вельмі падабаецца сваімі дзеяннямі».

Аднак потым паследавалі дзеянні, якія Лукашэнку былі відавочна не па душы:

— Спачатку амерыканскі спецназ акуратна ўзяў проста ў сланцах Нікаласа Мадура, каб даставіць яго на суд у Нью-Ёрк. А потым у самым пачатку вайны супраць Ірана па адмашцы Трампа яшчэ адзін аўтакрат — аятала Алі Хаменеі — і ўвогуле быў фізічна ліквідаваны. На чарзе, падаецца, кубінская дыктатура.

Тут ужо Лукашэнка ў далоні не стаў пляскаць. «Там была змова і там была здрада. <�…> Таму нам трэба быць як мага больш асцярожнымі», — вырвалася ў яго пасля захопу Мадура. Відаць, закралася думка: а наколькі надзейнае маё атачэнне?

А тут яшчэ Коул, як сам ён прызнаўся, пачаў страшыць свайго мінскага візаві: «Ёсць стол для лузераў, гэта той стол, за якім знаходзішся ты. Ты там, за гэтым сталом, з Кубай, з Іранам, Венесуэлай. <�…> Калі ты хочаш сядзець за сталом, дзе сядзяць добрыя хлопцы, вы павінны паводзіць сябе як нармальная краіна. <�…> А паўтары тыдні таму (на пачатку сакавіка. — прым.) я яму сказаў: глядзі, ты застаўся адзін за сталом, дзе сядзяць лузеры, таму май на ўвазе».

Карацей, і амерыканцы пачалі выхоўваць. Прычым той жа Коул, не раз вёўшы з Лукашэнкам душаспасенныя размовы, і нават пад гарэлку, зрабіў выснову, што цяжкавыхоўны суразмоўца ўражаны: «Я насамрэч думаю: тое, што мы зрабілі ў Венесуэле, і тое, што мы робім у Іране, напалохала яго да чортаў».

Апошнія навіны