Беларусы вяртаюцца ў Польшчу пасля Вялікадня
- 7.04.2026, 10:26
На мяжы — чаргі.
Беларусы, што жывуць або працуюць у Польшчы, пачалі вяртацца з радзімы пасля велікодных выходных. На памежных пераходах утварыліся чаргі на выезд з Беларусі. У Брэсце планаваны час чакання ў электроннай чарзе перавысіў двое сутак.
Паводле даных Дзяржпагранкамітэта на 08:00 (па беларускім часе) 7 красавіка, у электроннай чарзе ў пункце пропуску «Брэст» зарэгістравана 870 легкавых аўтамабіляў. Паводле разлікаў бота, які аналізуе праходжанне мяжы, вадзіцеляў, якія зарэгіструюцца ў «Брэсте» раніцай 7 красавіка, выклічуць на афармленне праз двое сутак і пяць гадзін — апоўдні 9 красавіка.
У «Брузгах» чарга на выезд складае 175 аўтамабіляў, але яна скарачаецца: увечары 6 красавіка колькасць машын у чарзе перавышала 275. Вадзіцелі, якія праходзяць мяжу раніцай 7 красавіка, рэгістраваліся ў зоне чакання на 13 гадзін раней. Паводле паведамленняў у чатах, памежныя працэдуры пры выездзе з Беларусі ў Польшчу займаюць каля двух гадзін.
У пункце пропуску «Бераставіца» чаргаў няма.
Чаргаў аўтобусаў на выезд з Беларусі няма ні ў адным з пунктаў пропуску.