BE RU EN

Беспілотнікі ЗСУ абрынуліся на ключавыя нафтавыя вузлы РФ у Чорным моры

  • 7.04.2026, 11:35

Расія заявіла пра ўдар па тэрмінале КТК.

Расія заявіла пра маштабную атаку ўкраінскіх беспілотнікаў на аб’екты нафтавай інфраструктуры ў Чорным моры. Паводле даных Мінабароны РФ, удар быў нанесены па тэрмінале Каспійскага трубаправоднага кансорцыума (КТК), праз які праходзіць каля 1,5% сусветных паставак нафты, піша агенцтва Reuters (пераклад — сайт Charter97.org).

У выніку атакі былі пашкоджаныя сістэмы швартоўкі, пагрузачная інфраструктура і чатыры буйныя рэзервуары для захоўвання нафты. Тэрмінал «Южная Озереевка» грае ключавую ролю ў экспарце казахстанскай нафты, забяспечваючы да 80% яе паставак за мяжу.

Расійскі бок сцвярджае, што мэтай удару было нанясенне эканамічнай шкоды міжнародным акцыянерам праекта, уключаючы амерыканскія кампаніі Chevron і ExxonMobil. Незалежнага пацверджання гэтай інфармацыі пакуль няма, а прадстаўнікі КТК адмовіліся ад каментароў.

Адначасова ўкраінскія ваенныя заявілі пра ўдар па размешчаным паблізу тэрмінале «Шэсхарыс». Паводле звестак крыніц у СБУ, былі пашкоджаныя шэсць з сямі прычалаў для загрузкі танкераў, а таксама вузлы трубаправоднай сістэмы і станцыя ўліку нафты. На аб’ектах узніклі буйныя пажары.

Крыніцы ў галіне паведамілі, што агонь ахапіў асноўны прычал «Транснефть», здольны абслугоўваць супертанкеры.

Тэрмінал «Шэсхарыс» штодня адпраўляе ад 600 да 700 тысяч барэляў нафты і з’яўляецца адным з ключавых экспартных вузлоў Расіі. Маштабы шкоды і ўплыў атак на пастаўкі пакуль застаюцца няяснымі.

Апошнія навіны