Эксперты назвалі найбольш збалансаваны Samsung у 2026 годзе
- 7.04.2026, 11:38
Менавіта гэты смартфон сапраўды прыкметна палепшыўся.
У 2026 годзе купля новага флагманскага смартфона становіцца ўсё менш апраўданай — і серыя Samsung S26 толькі пацвярджае гэтую тэндэнцыю. Да такой высновы прыйшлі у Android Authority, адзначыўшы, што на фоне росту цэн і мінімальных паляпшэнняў адзіным па-сапраўднаму разумным выбарам цяпер апынуўся зусім не флагман.
Сямейства Samsung Galaxy S26, уключаючы версіі S26 і S26 Plus, фактычна паўтарае мінулагоднія мадэлі. Паляпшэнні мінімальныя, а кошт пры гэтым расце, што робіць прылады сумнеўнай пакупкай для большасці карыстальнікаў.
Асноўнай прычынай такой сітуацыі эксперты называюць агульны крызіс на рынку мабільных прыладаў, звязаны з ростам цэн на камплектуючыя, асабліва на аператыўную памяць. Вытворцы вымушаныя павышаць цэны, пры гэтым рэальныя паляпшэнні прыладаў становяцца ўсё менш прыкметнымі.
На гэтым фоне нечакана вылучаецца іншы смартфон Samsung — Galaxy A57 5G. У адрозненне ад флагманаў, ён атрымаў рэальныя абнаўленні: новы працэсар Exynos 1680, палепшаныя магчымасці апрацоўкі фота, больш тонкі і лёгкі корпус, а таксама абарону ўзроўню IP68.
Дысплей дыяганаллю 6,7 цалі таксама «пракачалі»: цяпер гэта Super AMOLED Plus з больш тонкімі рамкамі і пікавай яркасцю да 1900 супраць 1200 ніт у мінулагодняга Galaxy A56. Гэта асабліва важна для карыстальнікаў, якія часта карыстаюцца смартфонам на вуліцы пры яркім асвятленні.
Дадаткова смартфон атрымаў хуткую зарадку 45 Вт праз USB-C, якой дагэтуль няма нават у больш дарагіх мадэлях накшталт Galaxy S26, шэсць гадоў абнаўленняў і абалонку One UI 8.5 «з каробкі».
Пры гэтым кампанія не стала перагружаць прыладу лішнімі AI-функцыямі. Гэта дазволіла пазбегнуць павелічэння аб’ёму аператыўнай памяці і, як вынік, рэзкага росту цаны.
У выніку Galaxy A57 выглядае больш збалансаванай прыладай з пункту гледжання кошту і магчымасцяў, нават нягледзячы на падаражэнне на $50 у параўнанні з папярэдняй мадэллю, адзначылі эксперты.