У Беларусі зацвіла сакура
- 7.04.2026, 11:51
Куды ехаць па здымкі?
Каб убачыць сакуру, неабавязкова ляцець у Японію. Цяпер дэкаратыўныя вішнёвыя дрэвы квітнеюць проста ў Беларусі і ўжо прыцягваюць дзясяткі аматараў прыгожых здымкаў.
Ружовыя кветкі распусціліся на захадзе краіны — у самым цэнтры Гродна. Пры гэтым здарылася гэта на тыдзень раней, чым летась.
Лакацыя добра знаёмая мясцовым жыхарам. Сакура квітнее ў парку Жылібера, паведамляе праўладная «Тэлерадыёкампанія «Гродна»».
Японскія дрэвы высадзілі ў так званай Швейцарскай даліне ў 2023 годзе напярэдадні 9 мая. Там з’явілася 15 саджанцаў.
І вось ужо трэці год запар вясной гэта месца ператвараецца ў сапраўдны магніт для гараджан і турыстаў.
Галоўны нюанс — сакура квітнее зусім нядоўга.
Пік прыпадае ўсяго на два–тры дні, калі дрэвы пакрываюцца шчыльнымі ружовымі «шапкамі». Увогуле ж квітненне цягнецца каля тыдня.
Таму, калі хочаце ўбачыць гэтае эфектнае відовішча, лепш не адкладваць паездку.