BE RU EN

Ад беларускай патрабавалі аплаціць чужы доўг

  • 7.04.2026, 13:35

Гаворка пра $7100.

Вучаніцу аднаго з каледжаў Навагрудка патрэбавалі аплаціць 21 тысячу рублёў запазычанасці па аплаце жыллёва-камунальных паслуг, якую назапасіла яе маці, пазбаўленая бацькоўскіх правоў. Прэтэнзію ўдалося адклікаць толькі пасля праверкі пракуратуры і звароту ў суд.

Дзяўчына з’яўляецца асобай, якая засталася без бацькоўскага папячэння. Яе бацька памёр, а маці пазбавілі бацькоўскіх правоў.

З верасня 2022 года па сакавік 2026 года беларуска вучылася ў адным з каледжаў Навагрудка. Яна была зарэгістраваная ў Гродне ў замацаванай за ёй кватэры, што належыць маці. Пры гэтым сама там не жыла.

«Маці доўгі час ухілялася ад аплаты жыллёва-камунальных паслуг, у сувязі з чым утварылася запазычанасць у суме больш як 21 тысяча рублёў», — паведамілі ў Генпракуратуры.

У кастрычніку 2025 года, калі дзяўчыне ўжо споўнілася 18 гадоў, з яе салідарна з маці спагналі запазычанасць па аплаце камунальных паслуг, у тым ліку пеню.

Беларуска звярнулася ў пракуратуру. Наглядны орган з гэтай нагоды накіраваў у суд пазоў аб прызнанні выканаўчага надпісу аб спагнанні запазычанасці па камунальных плацяжах такім, што не падлягае выкананню.

«У заяве адзначана, што з моманту набыцця (з 2017 года) статусу дзіцяці, якое засталося без бацькоўскага папячэння, у жылым памяшканні яна не пражывала, не карысталася жыллёва-камунальнымі паслугамі, а разлік пені зроблены, зыходзячы з доўгу, які ўтварыўся па віне маці да дасягнення ёю паўналецця», — паведамілі ў пракуратуры.

Суд пагадзіўся з довадамі пракурора і скасаваў прэтэнзію да дзяўчыны.

Апошнія навіны