Рыта Дакота: Маю маці затрымалі пасля таго, як яна заступілася за хлопца, якога збівалі
- 7.04.2026, 14:33
Доўгі час артыстка пазбягала гэтай тэмы.
Спявачка Рыта Дакота упершыню падрабязна расказала ў Instagram пра падзеі 2022 года, калі беларускія сілавікі затрымалі яе маці Святлану Герасімовіч. Доўгі час артыстка пазбягала гэтай тэмы, баючыся, што публічнасць можа пашкодзіць блізкаму чалавеку.
Яшчэ ў 2020 годзе Рыта Дакота падтрымала пратэсты ў Беларусі і выпусціла песню «Уходи», адрасаваную Лукашэнку. Пасля гэтага яе ўнеслі ў «чорныя спісы», і выступаць на радзіме яна больш не магла. Праз два гады ў праўладных тэлеграм-каналах з’явілася інфармацыя пра затрыманне яе маці.
Як расказала цяпер спявачка, тады яна маўчала пра тое, што адбылося, ад страху.
«Баялася, што ад маёй агалоскі ёй стане толькі горш, што яе знойдуць і разлучаць нас на доўгія гады», - напісала яна.
Паводле слоў спявачкі, яе маці — настаўніца пачатковых класаў — стала сведкай жорсткага затрымання ў Мінску.
«Мая мама не змагла прайсці міма натоўпу сілавікоў, якія білі кірзавымі ботамі па галаве ляжачага юнага хлопчыка… Мама крычала, што так нельга, спрабавала заклікаць да чалавечнасці», - расказала Рыта Дакота.
Аднак, як падкрэслівае артыстка, на яе словы ніхто не адрэагаваў.
Вярнуўшыся дадому, Святлана Герасімовіч, знаходзячыся пад моцным эмацыйным уражаннем, пакінула каментар у сацыяльных сетках. Менавіта гэта стала прычынай пераследу:
«За гэта ёй інкрымінавалі «публічную абразу прадстаўніка ўлады» і «кібербулінг».
Спявачка сцвярджае, што яе маці ўдалося пакінуць Беларусь літаральна цудам — інакш ёй пагражала зняволенне.
Пасля затрымання ў Святланы Герасімовіч пачаліся сур’ёзныя праблемы са здароўем. Жанчыне спатрэбілася складаная аперацыя, і некаторы час яна была прыкаваная да інваліднай каляскі.
Сама Рыта Дакота таксама сутыкнулася з наступствамі сваёй пазіцыі: ёй забаранілі выступаць не толькі ў Беларусі, але і ў Расіі — пасля таго як яна выступіла супраць вайны ва Украіне. У гэты перыяд яна засяродзілася на доглядзе за маці, страціла значную частку даходаў і практычна спыніла творчую дзейнасць.
Цяпер Рыта Дакота жыве ў ЗША і працягвае займацца музыкай.