«Дашліце скан пашпарта — аформім візу за тры дні»
- 7.04.2026, 14:50
Махляры пераключыліся на візы.
Віза без адмовы, тэрміновае афармленне замежнага пашпарта, замена дакументаў без чаргі — на такія абяцанні спрабуе злавіць карыстальнікаў інтэрнэту новая хваля махлярства. У якой фінансавай схеме такім чынам можна апынуцца, патлумачыў адзін з тэлеграм-каналаў.
Паведамляецца, што дзеля таго, каб «пачаць афармленне», аўтары такіх аб’яў просяць 100% перадплату і скан пашпарта.
Пасля пераліку грошай «турагенцтва» знікае. Атрыманыя дакументы махляры выкарыстоўваюць для афармлення электронных кашалькоў і рахункаў — далей гэтыя рахункі могуць выкарыстоўвацца ў схемах адмывання грошай. Фактычна чалавек, які проста хацеў паскорыць афармленне дакументаў, становіцца намінальным саўдзельнікам фінансавых злачынстваў.
Аўтары канала заклікаюць адказна ставіцца да сваіх даных: памятаць, што перадаць сканы дакументаў — гэта амаль тое самае, што перадаць камусьці ключ ад свайго банкаўскага рахунку.
— Ніякія «тэрміновыя візы без чэргаў» праз невядомыя сайты не афармляюцца. Калі патрабуюць перадплату і копіі дакументаў адразу — гэта махляры, — нагадваюць аўтары.