У Віцебску сабаку замкнулі ў камеры захоўвання
- 7.04.2026, 16:51
Гаспадыню ўжо шукаюць.
У сацыяльных сетках абмяркоўваюць відэа, на якім жанчына пакінула сабаку ў камеры захоўвання крамы ў Віцебску. На кадрах бачна, як жанчына ключом адчыняе адну з ячэек, пасля чаго з яе выбягае жывёла.
Відэа ў TikTok апублікавала карыстальніца tshevirs719. Паводле яе слоў, яна пачала здымаць менавіта гэты шафчык, бо пачула, як знутры даносіўся «сабачы плач».
Учынак гаспадыні гадаванца выклікаў бурную рэакцыю ў каментарыях. Шмат карыстальнікаў асудзілі жанчыну, назваўшы яе дзеянні жорсткім абыходжаннем з жывёлай. Некаторыя каментатары нават прапанавалі «пасадзіць яе ў тую ж ячэйку».
У той жа час частка карыстальнікаў раскрытыкавала аўтарку роліка, палічыўшы, што замест здымкі відэа варта было звярнуцца ў міліцыю. Іншыя лічаць, што сітуацыя не з’яўляецца жорсткім абыходжаннем.
Аўтарка, відаць, выдаліла ролік — у яе акаўнце ён больш недаступны. Аднак віцебская міліцыя ўсё роўна ўжо зацікавілася гэтай гісторыяй. Паведамляецца, што гаспадыню сабакі цяпер вышукваюць. Яе дзеянням плануюць даць прававую ацэнку.