BE RU EN

У Гомельскай вобнасці выдаткуюць на меліярацыю мільёны долараў

  • 7.04.2026, 17:25

Найбольшая сума будзе накіравана на мерапрыемствы ў Жыткавіцкім раёне.

На мерапрыемствы па меліярацыі і ірыгацыі (штучнае ўвільгатненне глебы) у 2026 годзе ў Гомельскай вобласці выдаткуюць больш за 13,6 млн рублёў (звыш 4,6 млн долараў). Пра гэта даведаўся «Флагшток» з абвешчаных тэндэраў.

На такую суму закупку абвясціла дзяржаўнае аб’яднанне «Гомельмелиоводхоз». У мерапрыемствы ўваходзяць рамонтна-эксплуатацыйныя работы, у тым ліку ў рыбаводных ставах і на водагаспадарчых збудаваннях, уключаючы працу насосных станцый па напаўненні вадой вадасховішчаў, ставоў, вядзенне дзяржаўнага ўліку меліярацыйных сістэм і асобна размешчаных гідратэхнічных збудаванняў, правядзенне інвентарызацыі меліярацыйных сістэм і асобна размешчаных гідратэхнічных збудаванняў у раёнах Гомельскай вобласці.

Найбольшая сума будзе накіравана на мерапрыемствы ў Жыткавіцкім раёне — больш за 2,2 млн рублёў. Найменшая — у Чачэрскім раёне (амаль 223 тыс. рублёў).

У дакументацыі закупкі пазначана, што гэтыя мерапрыемствы праводзяцца ў рамках падпраграмы «Меліярацыя зямель» Дзяржаўнай праграмы «АПК будучыні» на 2026–2030 гады і фінансуюцца з абласнога бюджэту. Пазначаныя сумы — на работы з красавіка да канца 2026 года.

Раней афіцыйна паведамлялася, што мэта Дзяржпраграмы «АПК будучыні», якая ўключае 10 падпраграм, — стварэнне ў краіне «высокапрадукцыйнага аграпрамысловага комплексу». Індэкс вытворчасці прамысловай прадукцыі павінен быць павышаны на 115% за пяцігодку, а прадукцыйнасць працы па валавой дабаўленай вартасці сельскагаспадарчых арганізацый — на 130% у 2030 годзе да 2025 года.

Апошнія навіны