Стала вядома, калі ў Мінску пачнецца сезон атракцыёнаў
- 7.04.2026, 19:50
Ужо ў гэтым месяцы.
У сталіцы 24 красавіка пачнуць працаваць атракцыёны. Пра гэта агенцтву «Мінск-Навіны» расказаў намеснік генеральнага дырэктара — галоўны інжынер «Мінскзелянбуду» Руслан Косевіч.
Усяго ў сталіцы налічваецца каля 60 атракцыёнаў у чатырох парках. Іх раскансервацыя вядзецца з пачатку сакавіка. Сёлета з'явяцца і новыя забавы: «Пажарная каманда», «Ружовы слон» і 5D-кінатэатр StereoLife Rifter чакаюць гасцей у парку ім. М. Горкага, а «Мікс» — у парку ім. Чалюскінцаў. У апошнім, аднак, не абышлося без страт: на заслужаны адпачынак пайшлі аглядовае кола і «Ладдзя».
Таксама развіваецца і парк ім. Уга Чавеса. Там асноўны ўпор зроблены на актыўны адпачынак: у планах стварыць пляцоўкі для пляжнага валейбола, футбола і катання на скейтбордах, а таксама каробку з сінтэтычным лёдам.
Плануецца маштабная рэканструкцыя парку ім. Чалюскінцаў. Замест разнапланавых кропак уздоўж цэнтральных алеяў з'явяцца ўніфікаваныя кавярні і гандлёвыя павільёны. Тыпавыя канструкцыі будуць выкананыя ў адзінай стылістыцы з тымі, што ўсталяваныя ў парку ім. М. Горкага. Таксама будуць абноўленыя дзіцячая пляцоўка, асвятленне, касавыя павільёны.