Каталіцкі святар з Вілейшчыны сустрэў Вялікдзень за кратамі
- 7.04.2026, 20:05
Што пра яго вядома?
Вялікі тыдзень і сам Вялікдзень правёў у зняволенні настаяцель парафіі ў Альковічах Вілейскага раёна ксёндз Анатоль Парахневіч. Як даведаліся вернікі, святара, затрыманага ў сярэдзіне сакавіка, на волю пакуль так і не выпусцілі. Выданне Katolik.life збрала тое, што пра яго вядома.
Ужо больш за два тыдні ксёндз знаходзіцца за кратамі, пры гэтым невядома, за што яго затрымалі і ў чым абвінавачваюць. Афіцыйных паведамленняў Касцёла на гэты конт не з’явілася. У асяроддзі святароў вернікам нічога не адказваюць пра лёс свайго сабрата, некаторыя адзначаюць, што сапраўды ніякай інфармацыі пра настаяцеля ў Альковічах няма. Магчыма, нешта вядома біскупам, але яны гэтымі звесткамі не дзеляцца.
Ксёндзу Анатолю Парахневічу 65 гадоў. Ён не мае родных і блізкіх, таму даведацца пра яго няма ў каго, акрамя, хіба што, тых жа біскупаў. У Альковічах святар служыць з 2007 года, да гэтага служыў у Ракаве і Заслаўі, а вучыўся ў польскім Беластоку. Мінулым годам ён адзначыў 30‑годдзе святарскага пасвячэння — як і арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.
Ксёндз Анатоль у Альковічах стварыў невялікі музей пры касцёле. Тут ён захоўваў вышытыя шоўкам арнаты XVIII стагоддзя, аздобленыя родавымі слуцкімі паясамі, унікальную калекцыю беларускіх ручнікоў, старажытныя кнігі.
У мясцовай раённай газеце святара называлі «пастырам душ чалавечых, гісторыкам і збіральнікам старадаўнасці», адзначалі яго ўменне ўпрыгожваць алтар і ўвесь храм непаўторнымі кветкавымі кампазіцыямі. Кветкі ён вырошчваў у ўласным садзе, таксама меў сваю пасеку, пёк пірагі і тарты.
Парафія ў Альковічах зусім маленькая, і там, наколькі вядома вернікам, таксама не маюць ніякай інфармацыі пра настаяцеля. Удалося даведацца толькі тое, што касцёл быў закрыты некаторы час пасля вобшуку, але потым ключы вярнулі — цяпер служыць у парафіі прыязджае іншы ксёндз. Дом настаяцеля па-ранейшаму застаецца зачынены.
Вернікі мяркуюць, што святара трымаюць у СІЗА КДБ. Калі гэта сапраўды так, то яго могуць абвінавачваць у «здрадзе дзяржаве» або іншых крымінальных злачынствах супраць дзяржавы. Але дакладных звестак на гэты конт пакуль няма.
Чарговае затрыманне каталіцкага святара ў Беларусі адбылося літаральна праз чатыры месяцы пасля вызвалення пры пасярэдніцтве Ватыкана двух дагэтуль зняволеных святароў — ксёндза Генрыха Акалатовіча і айца Анджэя Юхневіча. Яны па-ранейшаму знаходзяцца ў Рыме, не могуць вярнуцца ў Беларусь і ўдзельнічаць у публічнай дзейнасці.