Трамп абвясціў пра двухтыднёвае перамір'е паміж ЗША і Іранам
- 8.04.2026, 7:32
Тэгеран пагадзіўся адкрыць Армузскі праліў.
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што пагадзіўся прыпыніць бамбардзіроўкі Ірана на два тыдні пры ўмове неадкладнага адкрыцця Армузскага праліву.
Пра гэта ён паведаміў у ноч на сераду, 8 красавіка, у сацсетцы Truth Social.
«На падставе размоў з прэм'ер-міністрам Пакістана Шахбазам Шарыфам і фельдмаршалам Асімам Мунірам, падчас якіх яны папрасілі мяне прыпыніць напад разбуральнай сілы, якая павінна быць накіраваная сёння ўначы на Іран, і пры ўмове, што Ісламская Рэспубліка Іран пагодзіцца на поўнае, неадкладнае і бяспечнае адкрыццё Армузскага праліву, я пагаджаюся прыпыніць бамбардзіроўкі і атаку на Іран тэрмінам на два тыдні», — напісаў прэзідэнт ЗША.
Ён падкрэсліў, што дамоўленасць прадугледжвае двухбаковае спыненне агню. Паводле слоў Трампа, ЗША ўжо «дасягнулі і перавысілі ўсе ваенныя мэты», а таксама «значна прасунуліся ў дасягненні канчатковага пагаднення аб доўгатэрміновым міры з Іранам і міры на Блізкім Усходзе».
«Мы атрымалі ад Ірана прапанову з 10 пунктаў і лічым яе прыдатнай асновай для перамоваў. Амаль усе ключавыя пытанні папярэдніх спрэчак паміж Злучанымі Штатамі і Іранам ужо ўзгоднены, але двухтыднёвы перыяд дазволіць канчаткова завяршыць і заключыць пагадненне», — адзначыў амерыканскі прэзідэнт.
Раней прэм'ер-міністр Пакістана Шахбаз Шарыф звярнуўся да Трампа з просьбай падоўжыць тэрмін для ўгоды з Іранам яшчэ на два тыдні.