Майстар-клас па глупасці ад Лукашэнкі
- 8.04.2026, 7:59
Як спусціць бюджэтныя грошы і атрымаць на выхадзе чарговую дзяржаўную прысоску.
Лукашэнка ў аўторак выведваў навуковы патэнцыял Беларускай нацыянальнай біятэхналагічнай карпарацыі. Нотатка дзяржаўнага агенцтва БелТА з гэтай нагоды азагалоўленая так: «Што далей будзем рабіць? Лукашэнка пачаў наведванне БНБК з пытання на перспектыву».
Калі вы раптам падумалі, што кіраўнік захапіўся шматграннай працай БНБК і вырашыў даведацца пра далейшыя перспектывы карпарацыі, дык не. Судзіце самі, наколькі тут папахвае перспектыўнасцю, піша «Салідарнасць».
Задаючы пытанне «што далей будзем рабіць?», Лукашэнка нагадаў, што для БНБК было зроблена «ўсё і нават больш», але «вынікаў, на жаль, няма».
— Хаця заробак атрымліваеце спраўна — амаль на 16% вышэй за сярэднеабласны ўзровень, — удакладніў ён.
І пералічыў усе «плюшкі» ад дзяржавы, якія атрымала БНБК:
— Гэта і прэферэнцыі па сплаце падаткаў, і гарантыі ўрада па крэдытах, і асаблівы парадак адлюстравання курсавых розніц. У статутны фонд прадпрыемства ўнеслі бюджэтныя сродкі ў памеры 226 мільёнаў рублёў. Толькі льготныя ўрадавыя крэдыты Кітайскай Народнай Рэспублікі прыцягнулі прыкладна на 600 мільёнаў долараў.
А што ў выніку? Чарговая дзяржаўная прысоска. Нечакана, так?
— Ліміт падтрымкі гэтага прадпрыемства за кошт бюджэту даўно вычарпаны, — канстатаваў Лукашэнка.
Вось тут і ўзнікае тое самае пытанне ад галоўнага планавальніка краіны: «Што далей будзем рабіць?»
Але тут асабліва нічога прыдумляць не трэба. Усе сцежкі даўно пратаптаныя і планы распісаныя па пунктах. Ўбухаць кучу бюджэтных грошай у нешта глабальнае, прызначыць на кіраўнічыя пасады набліжаных і людзей, якія дрэнна разбіраюцца ў гэтай сферы (дарэчы, БНБК узначальвае Данііл Урыцкі — уцёклы экс-прэм’ер Кіргізстана Даніяр Усеноў, які змяніў імя, прозвішча і грамадзянства), ну і загадаць новаўтворанаму франкенштэйну «жэсточайшэ» развівацца.
І так па коле 30 гадоў.