Названыя падрабязнасці іранскага дзесяціпунктавага плана па перамір'і
- 8.04.2026, 12:14
Ёсць ключавыя супярэчнасці.
Перамовы паміж ЗША і Іранам аб доўгатэрміновым перамір'і могуць пасунуцца наперад, аднак змест прапанаванага Тэгеранам плана выклікае сумневы.
Паводле слоў Дональда Трампа, дакумент з дзесяці пунктаў можа стаць «асновай для пагаднення», але ўцечкі ў СМІ паказваюць, што пазіцыі бакоў па-ранейшаму далёкія адна ад адной, піша Bild.
Іран, паводле звестак набліжаных да ўладаў агенцтваў Tasnim і Fars, патрабуе захаваць кантроль над Армузскім пралівам, права на ўзбагачэнне ўрану і зняцце міжнародных санкцый. Таксама сярод умоў — вывад амерыканскіх войскаў з рэгіёна, кампенсацыі за шкоду і спыненне баявых дзеянняў па ўсіх напрамках, уключаючы Ліван.
Пры гэтым у больш мяккай версіі плана гаворыцца пра гатоўнасць Тэгерана абмежаваць ядзерную праграму і адмовіцца ад распрацоўкі ядзернай зброі.
Асобную ўвагу прыцягвае разыходжанне ў версіях дакумента: пункт пра права на ўзбагачэнне ўрану фігуруе ў персідскай версіі, але адсутнічае ў англамоўнай. Гэта супярэчыць ключавой мэце ЗША — не дапусціць стварэння Іранам ядзернай зброі.
Трамп сцвярджае, што магчымае пагадненне «поўнасцю ўрэгулюе» ядзернае пытанне і называе дасягнутую двухтыднёвую паўзу ў баявых дзеяннях «поўнай перамогай».
Дадатковыя падрабязнасці чакаюцца на брыфінгу Пентагона з удзелам міністра абароны Піта Хегсета і кіраўніка Аб'яднанага камітэта начальнікаў штабоў Дэна Кейна.