«Вораг павінен быць знішчаны»: у Акадэміі навук звярнуліся да беларусаў
- 8.04.2026, 12:46
Навукоўцы заклікалі без абмежаванняў вылаўліваць тры небяспечныя віды рыб.
У Акадэміі навук заклікалі беларусаў бязлітасна вылаўліваць тры віды рыб, якія лічацца сапраўднымі ворагамі мясцовай фаўны. Гэтыя віды ўнесеныя ў антыпод Чырвонай кнігі — у «Чорную кнігу інвазійных відаў жывёл Беларусі», піша Telegraf.news.
Ідзе пра тры агрэсіўныя інвазійныя віды рыб:
амерыканскі сомік,
ратан-галавешка,
бычак-пясочнік.
Для беларускіх вадаёмаў усе яны — чужародныя. У буйных рэках шчупак або акунь яшчэ могуць хоць неяк рэгуляваць іх папуляцыю, паядаючы маладзь гэтых рыб, але трапляючы ў невялікія стаўкі або азёры, дзе ў гэтых відаў амаль няма натуральных ворагаў, яны пачынаюць выцясняць абарыгенныя віды, маючы значную перавагу ў канкурэнцыі за корм і знішчаючы маладзь мясцовых відаў рыб.
Каб хоць неяк запаволіць працэс распаўсюджвання гэтых надзвычай жывучых відаў, якія хутка размнажаюцца, у Беларусі гэтую рыбу дазваляецца лавіць без усялякіх абмежаванняў па вазе і колькасці. Больш за тое, загадчыца лабараторыі іхтыялогіі Навукова-практычнага цэнтра Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па біярэсурсах Алена Гайдучэнка нядаўна заклікала рыбакоў яшчэ актыўней уключыцца ў барацьбу з «варожымі» відамі.
«Вораг павінен быць знішчаны. Трэба разумець, што гэтыя тры віды — гэта не проста рыбы. Гэта рыбы, якія шкодзяць і наносяць істотную шкоду іхтыяцэнозу і воднаму насельніцтву. Таму, калі бачыце — забірайце, лаўце іх. Такім чынам мы ўсе разам будзем дапамагаць прыродзе», — звярнулася да беларускіх рыбакоў Гайдучэнка.
Спецыялістка асабліва падкрэсліла, што гэтыя тры віды рыб «ні ў якім разе нельга расселяць і пераносіць у новыя месцы пражывання», каб не пагоршыць сітуацыю з інвазійнымі захопнікамі беларускіх вадаёмаў.