Удар па Феадосіі: Генштаб ЗСУ раскрыў падрабязнасці
- 8.04.2026, 17:09
Акупанты панеслі сур'ёзныя страты ў Крыме і на Данбасе.
Генштаб ЗСУ раскрыў падрабязнасці начной атакі беспілотнікаў па расійскіх аб'ектах.
Былі ўражаныя нафтабазы ў Феадосіі, дзе ўспыхнуў пажар, і ў Гвардзейскім. Гэтыя аб'екты РФ выкарыстоўвае для назапашвання і захоўвання гаруча-змазачных матэрыялаў для забеспячэння сваіх войскаў.
Таксама былі атакаваныя склады матэрыяльна-тэхнічных сродкаў расіян у раёнах Светлага ў Запарожскай вобласці, Суходольска ў Луганскай вобласці і Вялікай Навасёлкі ў Данецкай вобласці.
Пад ударам ЗСУ таксама палявы артылерыйскі склад і склад у Данецкай вобласці, а таксама склад боепрыпасаў у раёне населенага пункта Урала-Каўказ на Луганшчыне.
«Сярод іншага нашы воіны наносілі ўдары па станцыі радыёэлектроннай разведкі ў раёне Новаазёрнага і па пазіцыйным раёне берагавога ракетнага комплексу «Бастыён» у раёне Сафіеўкі ў часова акупаваным украінскім Крыме», — гаворыцца ў паведамленні.
Страты расійскіх акупантаў удакладняюцца.