Беларускі святар запусціў прыкладанне, з дапамогай якога можна падаваць запіскі аб здароўі і аб упакоі
- 8.04.2026, 20:02
Маліцца за тых, чые імёны трапілі ў спіс, будуць у Беларускай праваслаўнай царкве ў Вільні.
Вядомы святар і ў мінулым джун у ІТ-кампаніі Аляксандр Кухта распрацаваў прыкладанне, з дапамогай якога людзі могуць анлайн падаваць запіскі аб здароўі і аб упакоі. Іх можна дасылаць з розных краін. Маліцца за тых, чые імёны трапілі ў спіс, будуць у Беларускай праваслаўнай царкве ў Вільні.
У Беларусі і ЗША прыкладанне ўжо даступнае для Android і iOS. У ЕС пакуль толькі для Android. Уладальнікам айфонаў, якія жывуць у Еўропе, давядзецца пачакаць яшчэ некалькі дзён, кажа Аляксандр Кухта. Ён плануе, што да Вялікадня, 12 красавіка, гэтае пытанне вырашыцца.
— Па запытах, якія атрымліваем, бачым: аўдыторыя нашага прыходу — гэта беларусы па ўсім свеце. Мы знаходзімся ў Вільні, таму прыйсці да нас асабіста могуць не ўсе. Пры гэтым людзі пастаянна пішуць, што хочуць анлайн удзельнічаць у службах, быць прычаснымі да іх, — распавядае суразмоўца. — Адна з форм такога ўдзелу — традыцыя, калі прыходжане звяртаюцца да абшчыны з просьбай памаліцца за іх і іх блізкіх. Прасцей кажучы, падаюць запіскі.
Паводле слоў Аляксандра, запіскі з просьбай памаліцца аб здароўі і аб упакоі прыходзяць да іх «адусюль». Людзі пішуць у Telegram прыходу, у асабістыя паведамленні святароў, у каментары ў групах.
Аляксандр Кухта — вядомы святар і аўтар YouTube-канала «Batushka ответит». У 2022 годзе ён выехаў з Беларусі. Пазней перайшоў з Маскоўскага ва Усяленскі патрыярхат і цяпер служыць у Беларускай праваслаўнай царкве ў Вільні.