У Беларусі прадаюць незвычайны трыцыкл
- 8.04.2026, 20:35
Фотафакт.
На беларускім аўтарынку заўважылі незвычайны транспарт, які складана аднесці да нейкага аднаго класа.
На продаж выставілі рэдкі Polaris Slingshot — трохколавы апарат з аўтамабільным рухавіком і механікай, на гэта звярнуў увагу av.by.
Гэты трыцыкл з’явіўся ў 2014 годзе і задумваўся як гібрыд аўтамабіля і матацыкла.
Нават назва Slingshot («рагатка») тут невыпадковая, вонкава ён сапраўды яе нагадвае.
Па канструкцыі трыцыкл бліжэй да аўтамабіля. У аснове — сталёвая прасторавая рама пад пластыкавымі панэлямі. Пры гэтым габарыты даволі салідныя: даўжыня каля 3,8 м, шырыня — амаль 2 м.
Пад капотам — 2,4-літровы рухавік на 173 к.с. з механічнай каробкай перадач.
Дзякуючы невялікай масе — усяго 783 кг — Slingshot разганяецца да 100 км/г за 4,5 с.
Пасадка тут незвычайная: вадзіцель і пасажыр знаходзяцца ўнутры адкрытага каркаса, амаль як у балідзе.
Даху няма, а лабавое шкло абараняе толькі часткова, таму вытворца раіць выкарыстоўваць матацыклетны шлем.
Па словах уладальніка, у руху гэта нешта сярэдняе паміж кабрыялетам і матацыклам: адкрытая прастора і вельмі жвая дынаміка.
Часцей за ўсё трыцыкл выкарыстоўваюць у цёплую пару года, у дрэннае надвор’е на ім проста некамфортна.
І яшчэ адзін нюанс — увага навакольных. На такім транспарце застацца незаўважаным практычна немагчыма.
Цікава, што пры ўвозе Slingshot размытнілі як аўтамабіль, а на ўлік паставілі ўжо як матацыкл.
Сам уладальнік прызнаецца: пакупка была спантаннай, захацелася паспрабаваць нешта незвычайнае.
Трыцыкл прывезлі з ЗША, куплялі на аўкцыёне. Абслугоўванне аказалася даступным. ТО каштуе каля $300–400.
Цяпер апарат прадаюць. За яго просяць крыху больш за 137 тыс. Прычына простая: уладальнік хоча перасесці на больш магутную версію.